Віялета Пачкоўская


Паэтка, перакладчыца. Нарадзілася ў 1985 г. на Пастаўшчыне, у 2009 г. скончыла магістратуру філфаку БДУ (польская мова). Фіналістка конкурсаў маладых літаратараў (2004, 2006 і 2011 гг.), дыпламантка прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча (за 2013 г.). Аўтарка кнігі вершаў “Арэхападзенне” (2013 г.).

Плануючы сваё рэзідэнцтва, я зрабіла стаўку на час паездкі: сакавік — яшчэ даволі халодна, каб цэлымі днямі бадзяцца па віленскіх вуліцах, але ўжо не так паскудна сядзець унутры і глядзець у вакно. Разведала абстаноўку ў былых рэзідэнтаў пра абеды і шпацыры, узяла з сабой посуд і кіпяцільнік (што зэканоміла мне некалькі кавагадзінаў паходаў па ваколіцах, бо кухня 2/3 часу майго побыту ў ДПЧ была заблакаваная семінарамі, а ўставаць а 7-й я не ўмею). Вырашыла не выязджаць за межы горада, каб больш пісаць. Падрыхтавалася. Да таго ж, у Вільні я была разоў у 5 часцей, чым ва ўсіх беларускіх абласных цэнтрах разам узятых, — ну што там такога можа мяне звесці з праведнага шляху напісання аповесці?! А вось можа.

Першым ударам па плане быў Казюкас, што падкраўся амаль незаўважна і ажно на тры дні. Я змагалася з сабой, піла толькі па адным гарачым вішнёвым сідры на дзень, абыходзіла сабачымі сцежкамі гандлёвыя палаткі, але ўсё адно натыркалася на песні-танцы, разнастайныя смакоцці ды піва ракой. І толькі я перажыла Казюкас, як падкралася 8 сакавіка і сябры з Беларусі. Яшчэ два дні змагання з сумленнем, ранішняга пісання і вечаровых паходаў па шляхах нашаніўцаў. Было яшчэ свята незалежнасці з расфарбаванымі ў літоўскі трыкалор святлафорамі, але тут мяне ўжо не ашукаеш. Карацей, у першай палове сакавіка трэба ехаць толькі вельмі моцным духам.

Працавала я ўвечары і ўночы, за два тыдні адрэдагавала тое няшмат, што ўжо было, і напісала старонак дваццаць новага. Можа, для “шчырага” празаіка — гэта кропля ў моры, для мяне ж гэта больш, чым я напісала за ўсё папярэдняе жыццё (калі лічыць у друкаваных знаках, вядома). Перачытала Маркеса. І гэтае намоленае-наседжанае крэсла! Гляджу на здымкі сваёй наступніцы Анкі Упалы — і так шчыміць сэрца ад віду з вакна, такі родны дах і стары двор! Мне не было страшна — толькі нязручна караскацца па цёмнай лесвіцы на чацвёрты паверх. Некалькі дзён я была зусім адна ў Доме (ну, можа, нехта адзін і быў яшчэ, бачыла цэпеліны ў лядоўні), такой працяглай цішы я не адчувала, відаць, ніколі. Але потым на паверх засяліліся гучныя беларусы. І спыняць іх начныя бяседы мне не дазволіла сумленне, бо я сама двойчы была на іхнім месцы. Вярталіся мы адным цягніком.

Побыт у Доме дапамог мне не толькі абдумаць да канца сюжэт, дэталі, уявіць поўную карціну свайго будучага твору, але і раскласці па паліцах тое, што назбіралася ў маёй галаве, аддаліцца ад праблем і выдыхнуць. І няхай мяне чакае яшчэ доўгая праца, гэтыя два тыдні былі для мяне вельмі важныя. І за гэта я вельмі ўдзячная ПЭН-цэнтру.

План мой праваліўся. Канешне, я хацела б, як Андрэй Адамовіч, абкапацца ў пакоі ды ўсё дапісаць. Але прыродная лянота ці апісаныя вышэй акалічнасці не дазволілі мне гэтага зрабіць. Тым не менш я лічу, што не змарнавала дадзенай мне магчымасці, не адабрала ў нейкага маладога таленавітага літаратара супершанец. Так, рабяты, гэта супершанец. І за яго варта змагацца.

І, нарэшце, Вільня стала і маёй таксама. Столькі разоў я ездзіла сюды з рознымі людзьмі на непрацяглы час, і заўжды ў памяці заставаліся гэтыя людзі, а не гэтае месца. Проста горад. І трэба было нырнуць, цалкам заблукаць, каб знайсці.

P.S. З невідавочнага: раю наведаць музей грошай на Гедыміна, ён дармавы, але надта круты. Цукеркі “Veri Beri” — колькі грошай на іх спушчана замест піва, мама дарагая! І калі раптам нехта знойдзе на вуліцы металічную завушніцу-птушачку — кіньце ў фантан, калі ласка, я вярнуся і забяру.

Ваша В.