Пісьменніца, перакладчыца, публіцыстка, феміністка. Нарадзілася ў 1981 г. у Магілёве. Скончыла факультэт замежных моў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці англійская мова, беларуская мова і літаратура, а таксама літаратурна-філасофскі факультэт Беларускага калегіюма, вывучае шведскую і фінскую мовы. Пераможца літаратурнага конкурсу імя Данііла Хармса “Чатырохногая варона” (Санкт-Пецярбург, 2007), фіналістка Конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (Мінск, 2009), з часопіснай публікацыяй увайшла ў шорт-ліст прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ў намінацыі “Проза” (2011). Каардынатарка Школы маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Аўтарка кнігі “Дрэва энталіпт” (2012).
“Мне вось-вось споўніцца трыццаць пяць, потым, паводле правілаў, ужо не змагу падацца,” ― падумала я і даслала заяўку на Рэзідэнцыю маладога літаратара. Зрабіла я гэта паміж сваіх штодзённых клопатаў, якіх, здаецца, і не так шмат, а спыніцца часу чамусьці няма. У заяўцы я напісала, што буду займацца пісаннем кнігі, але канкрэтнага плану ў мяне не было. Як я арганізую свой час, па колькі старонак мяркую выдаваць на дзень, у які бок будзе пашырацца мой тэкст, які я трымаю ў галаве даволі даўно, ― нічога гэтага я не ведала загадзя. І толькі прыехаўшы ў Вільню і вытрусіўшы думкі пра мінскія справы з галавы, я задумалася над усімі гэтымі пытаннямі.
Упершыню за доўгі час я засталася са сваёй гісторыяй сам-насам, ведаючы, што, калі вярнуся ў Мінск, такой магчымасці не будзе. Зразумела, што больш не хачу жыць з гэтым тэкстам, і варта тут яго скончыць, але ідэі фіналу яшчэ не было.
У выніку пісала я ў першай палове дня і нештодзённа, часам хацелася проста дазволіць думкам блукаць. Колькі напісала ― амаль столькі ж і выкінула з тэксту. Мая папярэдніца Віялета Пачкоўская згадвае дваццаць старонак, напісаных у рэзідэнцыі. Ну, гэта па аб’ёме болей за ўвесь мой твор, большая частка якога была гатовая ўжо даўно. Але гэта мяне не засмучае. Маё мастацкае выказванне не займае шмат месца, у адрозненне ад публіцыстычных эсэ, дзе, як нядаўна высветлілася, мне акурат наадварот стрыму няма і цяжка быць лапідарнай. Нядаўна прачытала пра даследаванне, што да канца дачытваюцца толькі 5 % кніг, так што пісаць раманы сёння ― марны лёс.
Калі перачытвала свой тэкст, вагалася ад адчування, што я задаволеная напісаным, да таго, што ўсё гэта не асабліва вартае. Вагаюся і дагэтуль, і пакуль не ведаю, што буду рабіць з гатовай гісторыяй. Напэўна, пакуль яна будзе адпачываць. Я радая, што зразумела, як яна мусіць заканчвацца, ідэя прыйшла да мяне праз некалькі дзён пасля маленькага назірання падчас адной з прагулянак.
Гэта што да пісання. А што да побыту, то я, здаецца, спраўдзіла калі не ўсе, то многія шаблоны пра пісьменніцкае жыццё. Жывеш сабе ў старым горадзе, часам адна ў даволі вялікім доме, штодзень шпацыруеш па віленскіх вуліцах у “мушкецёрскім” паліто, прагульваешся ў парку, абедаеш у гістарычным будынку разам са студэнткамі і студэнтамі Мастацкай акадэміі. Надвор’е акурат па мне, ні холадна, ні горача. Я была задаволеная адзінотай (хаця гэта няправільнае слова, канатацыйна нагружанае нейкімі пакутамі, а мне ж было так добра) і ні з кім не пазнаёмілася, апроч экстравагантнага мясцовага скульптара. З ім мы сышліся на глебе цікавасці да вывучэння моў (ён выхваляўся, што ведае сямнаццаць) і ўвесь вечар прагаварылі на шведскай мове, у валоданні якой у нас выявіўся прыкладна адзін узровень, што здымала камунікацыйны бар’ер. Схадзілі разам на фотавыставу маладой выкладчыцы Мастацкай акадэміі, у рэстаран і потым брутальны бар “Шпунька”. Яркае атрымалася знаёмства.
Я была ўзяўшы з сабой тры кніжкі і спадзявалася, што, занудзіўшыся ў чужым горадзе, я іх дачытаю. Прачытала толькі два-тры раздзелы ― вечаровае чытанне было пакладзена на лапаткі лекцыямі на Арзамасе. Бадай найбольш рэкамендую курс па Жанне д’Арк, вельмі цікава расказваецца пра канструяванне вобраза гераіні.
Яшчэ прыйшла думка ўжо не займацца пісьменніцтвам, сумнеў закраўся часткова праз сябе, часткова праз комплексную ацэнку беларускай бескультурнай сітуацыі, але пажывем-пабачым.
А вы на Рэзідэнцыю падавайцеся ― на палову месяца адчуеце сябе сапраўднай кіношнай пісьменніцай альбо кіношным пісьменнікам. Я прабавіла два цудоўныя і плённыя тыдні, гэта нямала. Дзякуй, Беларускі ПЭН!