Андрэй Адамовіч


Паэт, празаік, перакладчык з японскай мовы. Нарадзіўся (1984) і жыве ў Мінску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (2006). За кнігу паэзіі “Дзень паэзіі смерці дзень” (2012) уганараваны прэміяй “Дэбют”. Тройчы перамагаў у конкурсах маладых літаратараў Беларускага ПЭН-цэнтра (2006, 2010, 2012). Удзельнік міжнародных літаратурных фестываляў (“Кіеўскія лаўры”, “Вялікае княства паэзіі”, “Вершы на асфальце” і інш.). Творы перакладзены на літоўскую, польскую, грузінскую і інш. мовы. Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра.

За тры дні да ад’езду ў Вільню я прыдумаў і запісаў дзьве ідэі. Адна была для навелы, другая — для аповесьці, але гатовыя тэксты мусілі быць прыблізна аднолькавага памеру. Абедзьве ідэі мне падабаліся, мелі свае перавагі і хібы. Канчатковае рашэньне, якую з іх увасабляць у тэкст, я прыняў, калі разабраў чамадан у пакоі.

Мой дзень праходзіў так. Я прачынаўся а дзясятай ці адзінаццатай па віленскім часе і садзіўся пісаць. Пісаў, пакуль былі сілы. Ішоў вячэраць на кухню. Пасьля вячэры пісаў яшчэ з гадзіну. Пасьля або клаўся спаць, або ішоў у бар выпіць піва. Больш пра Рэзідэнцыю расказаць няма чаго, калі не пачынаць нудна пералічваць, калі я чысьціў зубы, а калі браў душ, што еў на сьняданак, а што на вячэру.

У выніку дзесяцідзённай працы я напісаў навэлу “Таўсьціла і лешч”. Да канца году яна выйдзе асобнай кнігай у выдавецтве “Логвінаў”.

Фота Зарыны Кандрацьевай