Польшча: закон супраць SLAPP – станоўчыя змены для пісьменнікаў

Апошняе абнаўленне: 27 чэрвеня 2026
Польшча: закон супраць SLAPP – станоўчыя змены для пісьменнікаў
Photo Credit: Katarzyna Uroda/ Shutterstock

Беларускі ПЭН далучаецца да заявы Міжнароднага і Польскага ПЭНаў адносна закона супраць SLAPP.

«На працягу многіх гадоў SLAPP-пазовы стваралі для польскіх пісьменнікаў і журналістаў эмацыйны і фінансавы цяжар. Вітаючы прыняцце закона супраць SLAPP, мы заклікаем, каб гэтыя пазітыўныя змены сталі штуршком да больш шырокіх рэформаў у краіне, пачынаючы з даўно чаканай дэкрыміналізацыі паклёпу», – заявіла старшыня Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні» PEN International Ma Thida.

26 чэрвеня 2026 года – PEN International і Polski PEN вітаюць прыняцце ў Польшчы закона супраць SLAPP – важную перамогу для свабоды прэсы і крок да ўзмацнення абароны пісьменнікаў і журналістаў ад неабгрунтаваных судовых пазоваў. Арганізацыі заклікаюць польскія ўлады скарыстацца гэтым імпульсам для працягу рэформаў, у прыватнасці, дэкрыміналізаваць паклёп і адмяніць іншыя праблемныя нормы крымінальнага заканадаўства.

19 чэрвеня 2026 года прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падпісаў Закон аб спецыяльных мерах абароны ў грамадзянскім судаводстве для асобаў, якія ўдзельнічаюць у публічнай дыскусіі, таксама вядомы як закон супраць SLAPP. SLAPP-пазовы (Strategic Lawsuits Against Public Participation – стратэгічныя судовыя пазовы супраць удзелу грамадскасці) – гэта злоўжывальныя судовыя пазовы, якія ўплывовыя асобы або кампаніі выкарыстоўваюць, каб прымусіць замаўчаць тых, хто іх крытыкуе. Як правіла, для гэтага выкарыстоўваюцца працяглыя і дарагія судовыя працэдуры або сама пагроза іх распачаць, каб запалохаць крытыкаў і прымусіць іх адмовіцца ад публічных выказванняў.

Як адзначаецца ў дакладзе PEN Critical Junctures: Safeguarding the Freedom to Create in Poland, апублікаваным у кастрычніку 2025 года, цягам апошніх дзесяці гадоў у Польшчы ўсё часцей назіралася злоўжыванне як крымінальным, так і грамадзянскім заканадаўствам супраць пісьменнікаў, журналістаў, рэдактараў і грамадскіх крытыкаў з мэтай іх пераследу і замоўчвання. Удзельнікі даследавання падкрэслівалі, што SLAPP-пазовы істотна абмяжоўвалі іх магчымасць працягваць журналісцкія расследаванні або засяродзіцца на працы над новымі кнігамі.

Нацыянальныя і міжнародныя арганізацыі высока ацанілі шэраг палажэнняў польскага закона супраць SLAPP, у тым ліку механізмы ранняга спынення неабгрунтаваных пазоваў, увядзенне гарантыйнага дэпазіту для пазоўнікаў, а таксама перанясенне цяжару даказвання на пазоўніка ў справах, якія маюць прыкметы SLAPP. PEN International і Polski PEN далучаюцца да партнёраў, вітаючы прыняцце гэтага закона як аднаго з наймацнейшых анты-SLAPP законаў, і заклікаюць іншыя дзяржавы – члены Еўрапейскага саюза рушыць гэтым шляхам.

Кампанія за дэкрыміналізацыю паклёпу ў Польшчы працягваецца ўжо больш за 20 гадоў. У прыватнасці, у красавіку 2024 года тагачасны міністр юстыцыі абвясціў пра намер цяперашняга ўрада адмяніць крымінальную адказнасць за паклёп. Аднак да гэтага часу шэраг палажэнняў Крымінальнага кодэкса Польшчы застаецца несумяшчальным з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека, а некаторыя з іх выкарыстоўваліся для пераследу прадстаўнікоў літаратурнай супольнасці, журналістаў і актывістаў. PEN International і Polski PEN заклікаюць польскія ўлады выканаць сваё абяцанне і дэкрыміналізаваць паклёп (артыкул 212 Крымінальнага кодэкса), а таксама адмяніць іншыя нормы крымінальнага заканадаўства, якія не адпавядаюць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека. Гэта датычыцца, у прыватнасці, артыкулаў аб «абразе рэлігійных пачуццяў» (артыкул 196), «абразе Прэзідэнта» (артыкул 135), «абразе службовых асобаў або канстытуцыйных органаў» (артыкул 226), а таксама «абразе польскай нацыі або дзяржаўных сімвалаў» (артыкулы 133 і 137).

Дадатковая інфармацыя

У дакладзе PEN Critical Junctures: Safeguarding the Freedom to Create in Poland аналізуюцца выклікі свабодзе выказвання і культурным правам у Польшчы ў перыяд з 2015 па 2025 год. У той жа час даклад адзначае ўстойлівасць пісьменнікаў, журналістаў і грамадзянскай супольнасці ва ўмовах узмацнення палітычнага ціску і прапануе канкрэтныя рэкамендацыі для правядзення рэформаў. Даклад даступны на англійскай і польскай мовах.

Заўвага для СМІ

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да Aurélia Dondo, кіраўніцы Рэгіёна Еўропы і Цэнтральнай Азіі PEN International: [email protected].

Па пытаннях, звязаных са СМІ, звяртайцеся да Sabrina Tucci, кіраўніцы аддзела камунікацый і кампаній PEN International: [email protected].