Беларускі ПЭН далучаецца да справаздачы Міжнароднага ПЭНа пра ўсё больш варожае асяроддзе для журналістыкі ў Еўропе.
3 сакавіка 2026 – У 2025 годзе свабода прэсы ў Еўропе знаходзілася пад значным ціскам. Пра гэта сведчыць штогадовая справаздача партнёрскіх арганізацый Платформы Рады Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў. Паводле справаздачы, ціск узмацняецца праз юрыдычныя пагрозы, фізічныя напады і запалохванне, спробы захопу медыя і транснацыянальныя рэпрэсіі. Міжнародны ПЭН з’яўляецца ўдзельнікам Платформы і ўнёс свой уклад у падрыхтоўку справаздачы (даступнай на англійскай і французскай мовах тут).
Гэтая сітуацыя часткова змякчалася ініцыятывамі ў шэрагу дзяржаў і на еўрапейскім узроўні, накіраванымі на ўмацаванне свабоды прэсы і бяспекі журналістаў. Сярод іх – прыняцце планаў дзеянняў па абароне журналістаў і заканадаўства ў некаторых краінах для вырашэння такіх праблем, як злоўжывальныя судовыя пазовы, дэзінфармацыя і абарона крыніц інфармацыі.
У справаздачы пад назвай «На пераломным моманце: свабода прэсы 2025» адзначаецца, што вайна Расіі супраць Украіны застаецца найбольш сур’ёзнай пагрозай для журналістаў: чатыры медыяработнікі былі забітыя, іншыя атрымалі раненні, а многія дагэтуль утрымліваюцца пад вартай на акупаваных тэрыторыях або зніклі.
Па ўсёй Еўропе журналісты часта падвяргаліся фізічным нападам падчас пратэстаў з боку паліцыі, палітычных актараў і саміх пратэстоўцаў. Такія напады былі зафіксаваныя ў чвэрці дзяржаў, ахопленых справаздачай, прычым найбольшая іх колькасць адзначалася ў Грузіі, Сербіі і Турцыі.
У некалькіх краінах грамадскія медыя падвяргаліся палітычнаму ўмяшанню, абмежавальнаму заканадаўству і недастатковаму фінансаванню. Злоўжыўальныя судовыя пазовы, вядомыя як SLAPP (стратэгічныя пазовы супраць удзелу грамадскасці), працягвалі шырока выкарыстоўвацца для заглушэння медыя. У гэтай сувязі партнёры Платформы вітаюць ініцыятывы ў шэрагу краін па рэалізацыі як дырэктывы ЕС, так і рэкамендацыі Рады Еўропы, накіраваных супраць SLAPP-пазоваў.