Учора ў Музеі Вольнай Беларусі ўрачыста адкрылася выстава «Там, дзе хрыбток кнігі робіцца героем, а шрыфт – інтрыгаю!», прысвечаная знакавым вокладкам беларусіх кніг, што ўдзельнічалі ў прэміі Анемпадыстава.
Мы сабралі разам вокладкі кніг, што ў розныя гады ўвайшлі ў кароткі спіс прэміі. Гэта цудоўная магчымасць – пабачыць разам усе найлепшыя дызайнерскія рашэнні беларускага кнігавыдання, паназіраць, як змяняюцца трэнды і модныя элементы, судакрануцца са светам мастакоў, якія робяць кнігі прывабнымі для нас і прымушаюць у кніжнай краме працягнуць да іх руку.
Адзін з непублічных сябраў журы прэміі Анемпадыстава так пракаментаваў выставу:
«Вокладка кнігі – гэта першы дотык да тэксту, першая размова з чытачом. У ёй канцэнтруецца не толькі змест, але і дыханне часу, эстэтыка культуры, яе візуальная мова. Сёння беларуская кніжная вокладка становіцца ўсё больш выразнай і пазнавальнай – і гэта сведчанне жывой, самастойнай культурнай традыцыі. Гэтая выстава дазваляе ўбачыць гэты працэс у цэласнасці – як фармуецца твар нашай кніжнай культуры».
Упрыгожаннем цырымоніі адкрыцця выставы стаў выступ спецыяльнага госця – музычнага гурта Lity Taler: музыка ўзмацніла вобразы, стварыла атмасферу і дапамагла ўбачыць вокладкі не толькі вачыма, але і адчуць іх.
Выстава будзе працаваць да 7 лютага ў Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11).
Гадзіны працы выставы:
Аўторак – пятніца: 16:00–20:00
Субота – нядзеля: 12:00–20:00
Запрашаем да наведвання!
Пра прэмію
Прэмія імя Міхала Анемпадыстава ўшаноўвае спадчыну выбітнага беларускага мастака, дызайнера і культуролага, які значна паўплываў на развіццё візуальнай культуры Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак.
У розныя гады ў прэміі перамагалі: Грыгорый Кацнэльсон («Віленскі покер»), Алена Дашкевіч («Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў»), Анатоль Лазар («(Не)расстраляныя»), Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA («Людзі Лесу / Ludzi Lesu»), Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі («Побач»).
Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L», кампаніі «Laut» і фестывалю «Бардаўская восень».
Праект фінансуецца ў рамках Нацыянальнага плану аднаўлення Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі Рэспублікі Польшча.