• Навiны
  • Запрашаем на выставу знакавых кніжных вокладак прэміі Анемпадыстава

Запрашаем на выставу знакавых кніжных вокладак прэміі Анемпадыстава

Апошняе абнаўленне: 20 студзеня 2026
Запрашаем на выставу знакавых кніжных вокладак прэміі Анемпадыстава

Беларускі ПЭН запрашае на выставу «Там, дзе хрыбток кнігі робіцца героем, а шрыфт – інтрыгаю!», прысвечаную знакавым вокладкам беларусіх кніг, што ўдзельнічалі ў прэміі Анемпадыстава.

Мы сабралі разам вокладкі кніг, што ў розныя гады ўвайшлі ў кароткі спіс прэміі. Гэта цудоўная магчымасць – пабачыць разам усе найлепшыя дызайнерскія рашэнні беларускага кнігавыдання, паназіраць, як змяняюцца трэнды і модныя элементы, судакрануцца са светам мастакоў, якія робяць кнігі прывабнымі для нас і прымушаюць у кніжнай краме працягнуць да іх руку.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў суботу, 24 студзеня, а 12:00. Спецыяльны госць адкрыцця – музычны гурт Lity Taler!

Выстава будзе працаваць з 24 студзеня па 7 лютага ў Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11).
Гадзіны працы выставы:
Аўторак – пятніца: 16:00–20:00
Субота – нядзеля: 12:00–20:00

Запрашаем да наведвання!

Пра прэмію

Прэмія імя Міхала Анемпадыстава ўшаноўвае спадчыну выбітнага беларускага мастака, дызайнера і культуролага, які значна паўплываў на развіццё візуальнай культуры Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак.

У розныя гады ў прэміі перамагалі: Грыгорый Кацнэльсон («Віленскі покер»), Алена Дашкевіч («Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў»), Анатоль Лазар («(Не)расстраляныя»), Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA («Людзі Лесу / Ludzi Lesu»), Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі («Побач»).

Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L»кампаніі «Laut» і фестывалю «Бардаўская восень».

Праект фінансуецца ў рамках Нацыянальнага плану аднаўлення Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі Рэспублікі Польшча.