• Заявы
  • Беларусь: пісьменнікаў вызвалілі і выгналі з краіны

Беларусь: пісьменнікаў вызвалілі і выгналі з краіны

Апошняе абнаўленне: 16 верасня 2025
Беларусь: пісьменнікаў вызвалілі і выгналі з краіны
Фота: Volha Shukaila/SOPA Images/LightRocket via Getty Images. Вольны хор выступае ў Варшаве перад беларускай лідаркай Святланай Ціханоўскай, яе мужам і былым палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім, а таксама беларускай дыяспарай, 26 чэрвеня 2025 года.

«Хоць мы і радуемся беларускім пісьменнікам на волі пасля велізарных пакутаў, мы рашуча асуджаем іх прымусовае выгнанне. Супольнасць ПЭН будзе і надалей нястомна змагацца за тых, хто ўсё яшчэ ўтрымліваецца ў няволі ў Беларусі, а таксама заклікаць да справядлівасці і адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека, здзейсненыя ўладамі», сказала Ма Тіда, старшыня Камітэта пісьменнікаў у зняволенні ПЭН International.

16 верасня 2025 г. Беларускія ўлады павінны тэрмінова вызваліць пісьменнікаў, дзеячаў культуры і іншых асобаў, якія да гэтага часу ўтрымліваюцца па палітычна матываваных прычынах у Беларусі, і гарантаваць ім правы чалавека, заявілі сёння ПЭН International і Беларускі ПЭН пасля таго, як 52 зняволеныя былі вызваленыя па амністыі і пераведзеныя ў Літву. ПЭН International і Беларускі ПЭН таксама заклікалі літоўскія ўлады абараніць правы ўсіх вызваленых.

11 верасня 52 зняволеныя – у тым ліку 14 асобаў з замежнымі пашпартамі – былі вызваленыя з беларускіх турмаў і накіраваныя ў Вільню, Літва. Усе яны былі асуджаныя па палітычна матываваных абвінавачаннях. Гэты крок адбыўся пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй ЗША ў Мінску і, відавочна, быў часткай ягоных намаганняў дамагчыся змякчэння санкцый. Сярод вызваленых – сябра Беларускага ПЭНа і вядомы філосаф Уладзімір Мацкевіч, а таксама пісьменнікі Мікола Дзядок, Зміцер Дашкевіч, Ларыса Шчыракова, Павел Мажэйка і Павел Вінградаў. Быў вызвалены і шэраг журналістаў.

Хоць ПЭН International і Беларускі ПЭН вітаюць доўгачаканае вызваленне пісьменнікаў, арганізацыі выказваюць глыбокую заклапочанасць тым, што яны апынуліся ў прымусовым выгнанні, хаця многія з іх выказвалі жаданне застацца ў Беларусі. Шмат у каго з вызваленых ужо набліжаўся да заканчэння тэрмін пакарання, і пры гэтым іх пашпарты былі канфіскаваныя, што не дазваляе ім вярнуцца ў Беларусь і ўз’яднацца са сваімі блізкімі. Вядомы апазіцыйны палітык Мікола Статкевіч, які адмовіўся ад прымусовага выгнання, як сцвярджаецца, вярнуўся ў Беларусь. Паводле наяўнай інфармацыі, па прыездзе ён быў затрыманы і зноў адправіўся ў турму. На момант падрыхтоўкі гэтага паведамлення ягонае дакладнае месцазнаходжанне застаецца невядомым.

«Мы вітаем кожнае жыццё, вырванае з-за кратаў, і радуемся, што шэсць пісьменнікаў былі вызваленыя. Але мусім сказаць праўду: прымусовае выгнанне – гэта не свабода, а яшчэ адна форма пакарання. Больш за тысячу чалавек у Беларусі застаюцца за кратамі ў нечалавечых умовах – сярод іх 23 пісьменнікі – і новыя палітычна матываваныя арышты адбываюцца штодня. Вызваленыя носяць у сабе глыбокую траўму; многія не выбіралі пакінуць Беларусь і цяпер апынуліся за мяжой без сям’і, без дому і без сеткі падтрымкі. Сапраўдная свабода – гэта свабода выбіраць сваю радзіму і сваю будучыню. Мы заклікаем да вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій і новых арыштаў. Людзі не павінны быць змушаныя да выгнання, а павінны мець гарантаванае, бяспечнае і безумоўнае права вяртання. Усім, хто ўжо быў вымушаны пакінуць краіну, павінна быць забяспечана ўсебаковая падтрымка і рэабілітацыя», – сказала Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа.

У Беларусі ўсё яшчэ ўтрымліваюцца па сфабрыкаваных абвінавачаннях іншыя пісьменнікі і дзеячы культуры, у тым ліку пісьменнік, праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і сябра Беларускага ПЭНа Алесь Бяляцкі; адвакат, пісьменнік і сябра Беларускага ПЭНа Максім Знак; журналістка, пісьменніца, і ганаровая сябра ПЭНа Кацярына Андрэева. Умовы ў беларускіх турмах роўныя катаванням і іншым відам жорсткага абыходжання, і нядаўна Група незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі абвінаваціла беларускія ўлады ў здзяйсненні «злачынстваў супраць чалавечнасці – пераследу па палітычных матывах і незаконным пазбаўленні волі».

Дадатковая інфармацыя

Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі пра сітуацыю са свабодай выказвання ў Беларусі гл. сумесную падачу Беларускага ПЭНа, ПЭН International і PEN America ў Раду ААН па правах чалавека, дзе дакументуецца татальны наступ беларускіх уладаў на свабоду слова, культурныя і моўныя правы.

Каб даведацца больш пра дзейнасць Беларускага ПЭНа, у тым ліку пра маніторынг культурных і праваабарончых парушэнняў у дачыненні да дзеячоў культуры, калі ласка, націсніце тут.