Беларускі ПЭН абвяшчае кароткі спіс намінантаў на прэмію імя Алеся Адамовіча за 2024 год

Апошняе абнаўленне: 3 верасня 2025
Беларускі ПЭН абвяшчае кароткі спіс намінантаў на прэмію імя Алеся Адамовіча за 2024 год

На працягу амаль трыццаці гадоў прэмія імя Алеся Адамовіча адзначае творы, што робяцца важным голасам часу. Прэмія была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і масмедыя ў студзені 1995 года ў памяць пра пісьменніка, інтэлектуала і аднаго з пачынальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча. Першае журы ўзначаліў Васіль Быкаў.

Сёлета з поўнага спіса былі адабраныя фіналісты, чые працы найбольш моцна адгукаюцца на сённяшнія выклікі і балючыя пытанні. У кароткі спіс увайшлі творы, што не толькі фіксуюць наш досвед, але і надаюць яму мастацкую і этычную вагу.

Кароткі спіс прэміі імя Алеся Адамовіча за 2024 год: 

  1. «Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» Вольга Вялічка (выдавецтва «Gutenberg Publisher»);

  2. «Фэмінізацыя беларускай мовы: Сацыялінгвістычнае дасьледаваньне» – Уладзіслаў Гарбацкі (выдавецтва «Skaryna Press»);

  3. «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» – Таццяна Заміроўская (выдавецтва «Мяне няма»);

  4. «Цела таксама архіў»Наста Манцэвіч, Алок Вайд-Мэнан (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);

  5. Сайт праваабарончага цэнтра «Вясна» праваабарончы цэнтр «Вясна»;

  6. «Нічога нястрашнага» – Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth minsk»);

  7. «Солидарность потрясённых. Эссе о Беларусской революции» – Таццяна Шчытцова (выдавецтва «Логвінаў»).

Сёлета статутам прэміі былі афіцыйна пералічаныя формы, што могуць браць удзел у конкурсе.  Прэмія ўручаецца не толькі за кнігі, але і за іншыя фарматы творчага выказвання: публіцыстыку, падкасты, дакументальнае кіно, відэапраекты. Мэта застаецца нязменнай – ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і адзначэнне найлепшых твораў, прысвечаных актуальным праблемам сучаснасці.

Лаўрэатак мінулага года – Віку Біран з кнігай «Я танцую» і Ганну Янкута з кнігай «Час пустазелля» – аб’ядноўвае здольнасць ператварыць асабісты і нацыянальны досвед у тэксты, што робяцца больш чым літаратурай.

Сёлета кароткі спіс пацвярджае: нягледзячы на ўсе выпрабаванні, беларуская культура працягвае гаварыць і застаецца гучнай.

Арганізатар прэміі — Беларускі ПЭН.

Наперадзе фінальны крок – і мы хутка даведаемся пераможцу або пераможцаў. Сачыце за аднаўленнямі на сайце penbelarus.org і ў нашых сацыяльных сетках: 

Instagram
Facebook