
Беларускі ПЭН прэзентаваў выставу пра забароненыя ў Беларусі кнігі на адкрыцці 91-га Кангрэса Міжнароднага ПЭНа ў Кракаве.
Забарона кніг – гэта не толькі акт цэнзуры, але і парушэнне права на свабоду слова і на доступ да інфармацыі, замацаванага міжнароднымі дамовамі. Мы дакументуем кожны выпадак, каб праўда пра культурныя рэпрэсіі была захавана і пачута.
Сёння ў Беларусі:
- 222+ кнігі забаронены з палітычных і ідэалагічных прычын;
- 179+ аўтараў пад забаронай;
- 5 ліквідаваных выдавецтваў за апошнія 5 гадоў;
- не менш за 40 людзей слова ў няволі.








Таксама мы запусцілі сайт bannedbooks.penbelarus.org. На ім сабраныя спісы забароненых кніг, некаторыя гісторыі аўтараў і іх твораў, юрыдычныя наступствы забароны, аналітычныя матэрыялы. Там вы можаце знайсці ўсю інфармацыю пра забароненыя ў Беларусі кнігі. Гэты сайт – напамін: нават калі кнігу забараняюць, яна не знікае. Бо слова працягвае жыць, пакуль ёсць тыя, хто хоча яго прачытаць.
Формы забароны
Мы маем тры спісы забароненых кніг:
- Афіцыйны «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»
- Афіцыйны спіс «матэрыялаў, якія могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам»
- Нефармальны спіс: не існуе ў адкрытым выглядзе, але бібліятэкі і кнігарні ведаюць, якіх аўтараў нельга мець у доступе. Ён ствараецца праз даносы, візіты ідэолагаў і самацэнзуру, што стала нормай: любая «памылка» можа скончыцца звальненнем або зняволеннем.
Юрыдычная ацэнка і наступствы
Мець такую кнігу дома – рызыка штрафу і зняволення.
Нават калі рашэнне пра забарону прымаецца пазней за фіксацыю факта валодання кнігай. Мы прапануем пачытаць у адпаведным раздзеле юрыдычную ацэнку забароны кніг – якія юрыдычныя наступствы можа мець наяўнасць такой кнігі дома, яе распаўсюджванне або нават проста захаванне ў бібліятэцы.
За што забараняюць?
Асаблівасць беларускай сітуацыі – адсутнасць уцямнага тлумачэння.
Заключэнні не ўтрымліваюць ніякай дакладнай аргументацыі, а іх высновы складаюцца з найбольш агульных вытрымак з заканадаўства і нічым не адрозніваюцца адна ад адной, нягледзячы на тое, што датычаць самых розных кніг і матэрыялаў.
З таго, што мы назіраем, кнігі забараняюць:
- За беларускі, а не прарасійскі, погляд на гісторыю
- За крытыку ўлады
- За праўду пра рэпрэсіі і вайну
- За спачуванне, чалавечнасць і любоў
- Нават за бел-чырвона-белую вокладку
Кнігі пра культуру або беларускую гісторыю трапляюць у адзін спіс з сапраўды экстрэмісцкімі тэкстамі. Беларускі ПЭН уключае ў свае спісы тыя кнігі, якія паводле міжнародных стандартаў не могуць быць забаронены, бо не з’яўляюцца злачынствам.
Беларусы маюць унікальную сітуацыю: кнігі забараняюць не толькі праз нелаяльнасць, але і за тое, што яны – беларускія, але іх змест не ўкладаецца ў арыентаваную на Расію палітыку рэжыму. Гэта прамая пагроза існаванню мовы, літаратуры і культуры. Беларусы, намагаючыся захаваць сваю ідэнтычнасць, дзейнічаць не толькі без падтрымкі дзяржавы, але і змагаюцца з яе абмежаваннямі.
Друк шмат якіх беларускіх кніг у Беларусі на сёння немагчымы. З аднаго боку, ліквідаваныя ў Беларусі і выштурхнутыя за мяжу беларускія незалежныя выдавецтвы не маюць магчымасці сістэмна пастаўляць свае кнігі ў Беларусь, з другога – мова, тэма або аўтар кнігі могуць стаць прычынай для адмовы выдаваць яе ў выдавецтвах, што яшчэ засталіся ў Беларусі.
Забараняюць кнігі – каб забраць галасы.
Мы іх вяртаем.