• Навiны
  • Салідарнасць
  • Турцыя: пісьменніка Явуза Экінджы зноў судзяць паводле сфальсіфікаванай справы аб «прапагандзе тэрарызму»

Турцыя: пісьменніка Явуза Экінджы зноў судзяць паводле сфальсіфікаванай справы аб «прапагандзе тэрарызму»

Апошняе абнаўленне: 6 ліпеня 2025
Турцыя: пісьменніка Явуза Экінджы зноў судзяць паводле сфальсіфікаванай справы аб «прапагандзе тэрарызму»
Image Credit: Ege Tonbul

Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International у падтрымку курдскага пісьменніка Явуза Экінджы.

«Той факт, што курдскі пісьменнік Явуз Экінджы зноў аказваецца на лаве падсудных за свае тэксты пасля таго, як справа супраць яго была закрытая, сведчыць пра шкодную палітыку турэцкіх уладаў, якія пераследуюць тых, хто адважваецца даследаваць нязручную праўду. Мы заклікаем улады спыніць выкарыстанне правасуддзя як зброі супраць разнастайных галасоў і раз і назаўсёды спыніць судовы пераслед Экінджы», – заявіў Бурхан Сонмез, прэзідэнт PEN International.

4 ліпеня 2025: улады Турцыі павінны неадкладна зняць беспадстаўныя абвінавачанні ў «прапагандзе тэрарызму» супраць курдскага пісьменніка Явуза Экінджы, – заявіў PEN International. Хаця справа супраць Экінджы была закрытая ў снежні 2024 года, пракуратура падала апеляцыю, і наступнае судовае пасяджэнне адбудзецца 9 ліпеня ў 23-м Вышэйшым крымінальным судзе Стамбула. Пісьменніку пагражае да сямі з паловай гадоў зняволення.


Пісьменнік Явуз Экінджы абвінавачваецца ў «прапагандзе тэрарызму» ў сувязі з яго кнігай Rüyası Bölünenler (Раздзелены сон). Гэта абвінавачанне прадугледжвае пакаранне да сямі з паловай гадоў зняволення згодна з артыкулам 7 антытэрарыстычнага закона Турцыі № 3713 – які рэгулярна выкарыстоўваецца ўладамі Турцыі для таго, каб душыць незалежныя галасы. Суд над Экінджы пачаўся 18 верасня 2024 года ў 23-м Вышэйшым крымінальным судзе Стамбула. Пасля кампаніі PENа, суд 9 снежня 2024 года зняў з пісьменніка ўсе абвінавачанні. Аднак пракуратура падала апеляцыю, і 8 траўня 2025 года Рэгіянальны суд юстыцыі Стамбула прыняў рашэнне вярнуць справу на паўторны разгляд.

Яшчэ 14 сакавіка 2023 года суд у Стамбуле прызнаў, што ў кнізе Раздзелены сон (Rüyası Bölünenler) змяшчаецца змест, які нібыта з’яўляецца «прапагандай тэрарызму», і забараніў яе выданне, распаўсюд і продаж. Экзэмпляры кнігі таксама былі канфіскаваныя. На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу справа разглядалася ў Канстытуцыйным судзе Турцыі. Кніга Раздзелены сон, выдадзеная ў 2014 годзе, апавядае пра шлях курда, які быў вымушаны пакінуць Турцыю з палітычных прычынаў і спрабуе пабудаваць новае жыццё ў Германіі. Даведаўшыся пра цяжкую хваробу бацькі, галоўны герой вырашае знайсці свайго зніклага брата, які шмат гадоў таму ўзяў у рукі зброю і ўцёк у Кандыльскія горы. Кніга завяршаецца заклікам да адзінства і міру.

Доступ да разнастайнай літаратуры, думак і поглядаў – гэта фундаментальнае права, якое павінна забяспечвацца ўладамі ва ўсім свеце. Свабода выказвання, а таксама свабода выдаваць і чытаць – непарыўна звязаныя паміж сабой. PEN International заклікае ўлады Турцыі выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека – пачаўшы з неадкладнага зняцця ўсіх абвінавачанняў супраць Явуза Экінджы і спынення пакарання за ўяўленне і самавыражэнне.

Чытайце заяву цалкам па спасылцы.