На 15 лістапада 2024 года: Людзей Слова ў няволі (у тым ліку з абмежаваннем волі – на «хатняй хіміі») – не менш за 38, дзеячаў культуры ў няволі (у тым ліку з абмежаваннем волі – на «хатняй хіміі») – не менш за 170.
Распачаўся разгляд крымінальнай справы музыкі і перакладчыка Сяргея Горлава.
Стала вядома пра затрыманне шоумена і спевака Івана Вабішчэвіча (творчы псеўданім Дзядзя Ваня).
Распачаўся разгляд крымінальнай справы фатографа Арцёма Зянькова.
Былы кіраўнік рок-клуба «DOORS» з Барані Аляксандр Мухін асуджаны на адміністрацыйны арышт.
У Оршы аштрафавалі настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства Наталлю Сізінцаву.
У Паставах паводле адміністрацыйнага артыкула асудзілі краязнаўцу Генадзя Дзямідка.
У культуролага Вацлава Арэшкі, асуджанага на 8 гадоў калоніі, за кратамі значна пагоршылася здароўе.
Больш за месяц нічога не вядома пра стан і месцазнаходжанне аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра Францкевіча.
З Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі звольнілі акцёраў.
У Мінску з Лошыцкага парка знік крыж, прысвечаны ахвярам камуністычных рэпрэсій.
У Брэсце спыніла дзейнасць школа замежных моваў «АКЦ Мост».
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 1 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся разгляд крымінальнай справы музыкі і перакладчыка Сяргея Горлава паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1, ч. 2 арт. 361.4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці або разладу), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый) і ч. 1 арт. 368 (знявага прэзідэнта). Сяргей Горлаў скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, працаваў перакладчыкам з англійскай мовы, граў у гурце «Лясное радыё». Перакладаў на беларускую мову песні з англійскай мовы. Яго затрымалі ў лютым 2024 года. Спачатку асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула на суткі за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў», а пасля завялі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА.
2. 5 лістапада стала вядома пра затрыманне Івана Вабішчэвіча (творчы псеўданім Дзядзя Ваня). Яго Instagram-акаўнт апошні раз абнаўляўся 26 верасня 2024 года. Іван Вабішэвіч – музыка, спявак, шоумен, вядоўца праграмы «Папаши-шоу» на «Радыё ОНТ», саліст гурта «One Hell Thing».
3. 6 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся разгляд крымінальнай справы фатографа Арцёма Зянькова. Яго абвінавачваюць паводле арт. 361.2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання).
II. Затрыманні і адміністрацыйныя суды
1. 1 лістапада стала вядома, што ў судзе Оршы і Аршанскага раёна былы кіраўнік рок–клуба «DOORS» з Барані Аляксандр Мухін асуджаны на адміністрацыйны арышт паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) за падпіскі на незалежныя крыніцы інфармацыі.
2. 4 лістапада ў судзе Оршы і Аршанскага раёна асудзілі Наталлю Сізінцаву – настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства аршанскай гімназіі № 2, маці журналіста Арцёма Сізінцава, аўтара кнігі «На “Старт” і ў “Тэмпе”». Наталлю Сізінцаву асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) і аштрафавалі на 400 рублёў (120 долараў).
3. 6 лістапада суд Пастаўскага раёна асудзіў краязнаўцу Генадзя Дзямідка і яго жонку Алу Дзямідку паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) за падпіскі на незалежныя крыніцы інфармацыі.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. У палітзняволенага культуролага Вацлава Арэшкі, асуджанага на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, за кратамі значна пагоршылася здароўе. Сваячка Вацлава Арэшкі, якая жыве за мяжой, паведаміла пра яго стан здароўя: «У яго расслаенне сеткавіцы вока, катаракта і глаўкома. Пісаць дамоў яму цяпер дапамагаюць іншыя зняволеныя, таму лісты ад яго напісаныя чужой рукой, а сам ён не можа пацэліць у лінейкі. У яго ёсць павелічальнае шкло, і з яго дапамогай ён спрабуе чытаць кнігі, якія бярэ ў бібліятэцы».
2. Больш за месяц нічога не вядома пра стан і месцазнаходжанне аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра Францкевіча. У чэрвені 2024 года ў судзе Ваўкавыскага раёна Аляксандру Францкевічу, асуджанаму на 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, дадалі яшчэ адзін год зняволення. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго ўтрымлівалі ў СІЗА № 6 у Баранавічах, адкуль у пачатку кастрычніка этапавалі ў калонію, але якую – не вядома. З таго часу яго блізкія не атрымлівалі ад яго ні лістоў, ні паведамлення з папраўчай установы, куды яго накіравалі для адбыцця пакарання. Маці Аляксандра Францкевіча Таццяна таксама знаходзіцца ў зняволенні на падставе крымінальнай справы.
IV. Знішчэнне мясцін памяці
2 лістапада стала вядома, што ў Мінску з Лошыцкага парка знік крыж, прысвечаны ахвярам камуністычных рэпрэсій. Крыж быў створаны мастаком Міколам Купавам у 1995 годзе.
V. Рэпрэсіі ў сферы кнігагандлю
Міністэрства інфармацыі запатрабавала ад кнігарняў правесці рэвізію друкаваных выданняў і прыбраць з продажу кнігі, «распаўсюджанне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Маюцца на ўвазе кнігі, дзе пададзеная не праўладная версія гісторыі, а таксама кнігі, выдадзеныя недзяржаўнымі выдавецтвамі або «нелаяльнымі» аўтарамі.
VI. Закрыццё адукацыйных цэнтраў
13 лістапада ў Брэсце спыніла працу школа замежных моваў «АКЦ Мост», офіс установы быў апячатаны. Школа замежных моваў «АКЦ Мост» заснаваная ў 2006 годзе, там навучалі польскай і англійскай мовам. Гэта быў найбуйнейшы цэнтр вывучэння замежнай мовы ў Брэсце і Брэсцкай вобласці.
VII. Звальненні з устаноў культуры за грамадзянскую пазіцыю
У пачатку лістапада з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі былі звольненыя акцёры, сярод іх – Максім Брагінец, Зміцер Давідовіч, Арцём Курэнь і Ганна Семяняка.