Журы прэміі імя Наталлі Арсенневай абвясціла перможцу за 2022 год. Ёй стала Наста Кудасава з кнігай «Побач». Віншуем пераможцу!
Наста Кудасава – паэтка, перакладчыца. Аўтарка кніг паэзіі «Лісце маіх рук» (2006), «Рыбы» (2013), «Маё невымаўля» (2016), «Вясна. Вуснам цесна» (2021), «Побач» (2022), «Я працягваю» (2023). Атрымала прэмію Беларускага ПЭНа «Кніга году-2016» за зборнік «Маё невымаўля», прэмію «Празрысты Эол» (2018) у намінацыі «Найлепшая паэтычная публікацыя года», літаратурную прэмію імя Міхася Стральцова ў 2021 годзе.
Кніга «Побач» — гэта ілюстраваны збор вершаў, які распавядае пра адзіноту і надзею, пра пошук сябе і радзімы ў шалёных варунках рэчаіснасці. Нітуючы асабістае і гістарычнае, моўнае і візуальнае, зборнік паказвае шматаблічны свет растрывожанага сучаснасцю чалавека: ад роспачы і зняверанасці да захаплення жыццём.
Сёлета ў складзе журы былі вядомыя імёны літаратурнага свету: паэтка і перакладчыца песень Дар’я Бялькевіч, журналістка, пісьменніца і перакладчыца Міраслава Лукша, славіст, літаратуразнаўца і перакладчык Аляксандр Распапоў, паэт, перакладчык і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.
Паэтычная прэмія была заснаваная ў гонар Наталлі Арсенневай, выдатнай паэткі і зоркі літаратуры Заходняе Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Малітва» («Магутны Божа»), якая працягвала сваю дзейнасць на эміграцыі, уносячы неацэнны ўклад у захаванне і развіццё беларускай культуры і літаратуры. Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, якія выступаюць за падтрымку і развіццё беларускай літаратурнай традыцыі. Партнёрамі сёлета сталі фонд «Estate of Vitaut Kipel» ды Беларускі Харытатыўны Траст. Моладзевы хаб падтрымаў правядзенне цырымоніі і стаў яе партнёрам.