Заява аб прызнанні Анджэя Юхневіча палітычным зняволеным

Апошняе абнаўленне: 27 чэрвеня 2024
Заява аб прызнанні Анджэя Юхневіча палітычным зняволеным

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

25 чэрвеня 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, з абурэннем адзначаем, што пераслед у рамках адміністрацыйнага працэсу ўжываецца ўладамі для падаўлення свабоды выказвання меркаванняў, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар.

Некаторых затрыманых па адміністрацыйных справах неаднаразова паўторна асуджаюць да адміністрацыйных арыштаў, такім чынам іх знаходжанне ва ўмовах пазбаўлення волі па працягласці супастаўна з крымінальным пакараннем.

Нагадваем, што згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на III праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленне свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з’яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.

Гэтыя крытэры ў поўнай меры датычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх правоў і свабод. Адпаведна ўсе падвергнутыя адміністрацыйным арыштам за рэалізацыю сваіх прызнаюцца міжнароднай супольнасцю правоў і свабод, з’яўляюцца палітвязнямі на перыяд іх ізаляцыі. Асобныя заявы аб прызнанні некаторых з іх такімі закліканы звярнуць асаблівую ўвагу на канкрэтныя выпадкі найбольш жорсткага пакарання за ажыццяўленне сваіх правоў і свабод.

Так, Анджэй Юхневіч, каталіцкі святар, правёў за кратамі ўжо 45 дзён. Ён тройчы быў падвергнуты адміністрацыйнаму арышту, у тым ліку паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за правядзенне несанкцыянаванага пікету – размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі, — і зноў арыштаваны, на тэрмін у 10 сутак.

Практыка асуджэння адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Анджэя Юхневіча і патрабуем:

  • адмены вынесеных у дачыненні да палітвязня судовых пастаноў і яго неадкладнага вызвалення;
  • спынення рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў;
  • вызвалення ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод;
  • неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі ПЭН;

Lawtrend.