Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
23 снежня 2023 г.
У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і пазбаўлення волі ў калоніі па арт.293 Крымінальнага кодэкса (Масавыя беспарадкі) ў дачыненні да Сяргея Ботвіча, Арцёма Янкоўскага, Паўла Невыгласа, Кірыла Мацюты, Максіма Варнеля, па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) у дачыненні Аляксандра Лыкшына, Ганны Чаркас, Уладзіміра Лыкшына, Тамары Астрэйкі, Ларысы Катовіч, Ксеніі Рыжык, Кацярыны Цэван, Эльдара Сафарава, Юліі Станкевіч, па ч. 1 арт.342 і ч.1 арт 328 Крымінальнага кодэкса (за захаванне нязначнай колькасці марыхуаны) Юрыя Дабрахотава адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Далейшыя пратэстныя выступленні мелі мірны характар, сходы і іх удзельнікі павінны былі знаходзіцца пад аховай закона.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
Асуджэнне Ю. Дабрахотава таксама па ч.1 арт. 328 КК за захаванне марыхуаны (ў працэсе адмовіў дачыненне да рэчыва) не ўплывае на высновы аб палітычна матываваным пераследзе, бо пазбаўленне волі ў дадзенам выпадку з’яўляецца непрапарцыйным і селектыўным пакараннем.
У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць Сяргея Ботвіча, Арцёма Янкоўскага, Паўла Невыгласа, Кірыла Мацюту, Максіма Варнеля, Аляксандра Лыкшына, Ганну Чаркас, Уладзіміра Лыкшына, Тамару Астрэйку, Ларысу Катовіч, Ксенію Рыжык, Кацярыну Цэван, Эльдара Сафарава, Юлію Станкевіч, Юрыя Дабрахотава і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі ПЭН;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Прававая ініцыятыва;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Human Constanta.