У адказ на гэтую навіну Герман Рохас, старшыня камітэта «Пісьменнікі за мір» Міжнароднага ПЭНа, паведаміў:
«Міжнародны ПЭН уражаны прысудам лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесю Бяляцкаму ў 10 гадоў пазбаўлення волі. Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. У снежні яму перашкодзілі выступіць з прамовай на цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, дзе ён быў уганараваны як маяк, крыніца святла ў рэгіёне і за яго межамі. Бяляцкі – сімвал надзеі, які натхняе праваабаронцаў ва ўсім свеце, і ён мусіць быў ушанаваны ў гэтай ролі. Мы заклікаем неадкладна і безумоўна яго вызваліць, а таксама адмяніць яго прысуд і абвінавачанне».
Ма Ціда, старшыня камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні» Міжнароднага ПЭНа, адзначыла:
«Пераслед Алеся Бяляцкага і сябраў «Вясны» – гэта частка больш маштабных рэпрэсій беларускіх уладаў супраць грамадзянскай супольнасці і незалежных галасоў у Беларусі, якія пачаліся ў 2020 годзе і дагэтуль не змяншаюцца. Беларускія ўлады, відаць, маюць намер заціснуць усіх іншадумцаў. Усе, хто ўтрымліваецца ў Беларусі за кратамі за мірнае выяўленне поглядаў, у тым ліку Бяляцкі і яго калегі з «Вясны», а таксама філосаф і сябра Беларускага ПЭНа Уладзімір Мацкевіч і пісьменнік і журналіст Анджэй Пачобут, павінны быць неадкладна вызваленыя».
Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа, заўважыла:
«Праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі сёння ўвасабляе сабой усю грамадзянскую супольнасць Беларусі, якая не хоча мірыцца з несправядлівасцю і парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, знішчэннем беларускай культуры. Чалавек эпіцэнтра – ён заўсёды быў у віры лёсавызначальных для краіны і грамадства падзей. Ён двойчы свядома выбраў не з’ехаць, а застацца – са сваім народам, у сваёй краіне. Асабістая гісторыя Бяляцкага – летапіс краіны: вехі прыватнага жыцця шчыльна пераплятаюцца з этапамі станаўлення новай Беларусі, пра якую мы марым.
Несправядлівы і палітычна матываваны прысуд Бяляцкаму – чалавеку, які ўсё сваё жыццё прысвяціў беларускай культуры і правам чалавека, – сведчанне таго, што рэжым у Беларусі сёння – антыбеларускі і антынародны – помсціць нязломным грамадзянам за іх няўхільную пазіцыю і непрыманне дыктатуры, гвалту і хлусні».
Дадатковая інфармацыя
Алесь Бяляцкі (нарадзіўся 25 верасня 1962 года) – літаратуразнаўца, эсэіст, праваабаронца. Заснавальнік арганізацыі «Вясна», якая ладзіць кампаніі ў абарону актывістаў апазіцыі, што зазнаюць уціск і пераслед з боку беларускіх уладаў. У сакавіку 2021 года Следчы камітэт Беларусі завёў справу на «Вясну» паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) у рамках больш шырокага пераследу незалежных СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасці. Бяляцкага як старшыню «Вясны» выклікалі на допыт у цэнтральны апарат Следчага камітэта 7 красавіка 2021 года. Бяляцкі запатрабаваў пратакол допыту на беларускай мове, яго складалі некалькі дзён.
14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы разам з некалькімі калегамі з «Вясны» пасля рэйдаў супрацоўнікаў беларускіх праваахоўных органаў супраць больш чым дзесяці праваабарончых арганізацый і арганізацый грамадзянскай супольнасці. Бяляцкага перавялі ў СІЗА 17 ліпеня паводле сфабрыкаванага абвінавачання ва ўхіленні ад аплаты падаткаў. Пазней яго абвінавацілі ў кантрабандзе (арт. 228.4 КК РБ) і арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342.2 КК РБ). У снежні 2022 года Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру разам з расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і ўкраінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод» — годная даніна павагі іх бясстрашнай працы. Працэс над Бяляцкім пачаўся ў судзе Ленінскага раёна Мінска 9 студзеня 2023 года. На працягу працэсу Бяляцкі неаднаразова прасіў, каб пракурор і суд вялі працэс на беларускай мове, але безвынікова.
Бяляцкі не першы раз зазнае пераслед з боку беларускіх уладаў. 4 жніўня 2011 года яго арыштавалі паводле лжывых абвінавачванняў ва ўхіленні ад аплаты падаткаў — ён выкарыстоўваў свае асабістыя банкаўскія рахункі ў Літве і Польшчы для фінансавання «Вясны», бо арганізацыя не магла мець банкаўскага рахунку ў Беларусі. 24 лістапада 2011 года Бяляцкага асудзілі на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сябры ПЭН-цэнтра актыўна змагаліся за яго вызваленне; ён быў амніставаны ў чэрвені 2014 года.
Крызіс у Беларусі, які пачаўся ў 2020 годзе, не змяншаецца, бо правы на свабоду асацыяцый, мірных сходаў і выяўлення меркавання застаюцца пад нязменным уціскам. Беларускія ўлады адказалі сваім крытыкам жорсткасцю і рэпрэсіямі і перайшлі да «зачысткі» грамадзянскай супольнасці, ліквідаваўшы ў тым ліку Беларускі ПЭН у жніўні 2021 года. Многія незалежныя выдавецтвы пацярпелі за тое, што прасоўвалі кнігі беларускіх пісьменнікаў і на беларускай мове, і іх дзейнасць была прыпыненая пад надуманымі падставамі. Беларускі ПЭН толькі ў 2022 годзе задакументаваў 1390 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Шэсць сябраў «Вясны» цяпер знаходзяцца за кратамі.
Больш інфармацыі пра кампанію Міжнароднага ПЭНа ў падтрымку Алеся Бяляцкага можна знайсці тут.