19 жніўня 2022 года прэм’ер-міністр Чарнагорыі Дрытан Абазовіч публічна напаў на Чарнагорскі ПЭН-цэнтр у парламенце, абвінаваціўшы яго ў распаўсюдзе «экстрэмізму і нацыяналізму». У прыватнасці, Абазовіч прадэманстраваў фатаграфію ўзнагароджанага чарнагорскага пісьменніка і члена Чарнагорскага ПЭН-цэнтра Міларада Паповіча, назваўшы яго агентам нацыяналістычнай палітыкі, які «служыць інтарэсам злачыннасці». Гэта не першы раз, калі Абазовіч публічна нападае на членаў Чарнагорскага ПЭН-цэнтра, неаднаразова рабіў паклёпы на вядомага чарнагорскага пісьменніка і сябра Чарнагорскага ПЭН-цэнтра Андрэя Нікалаідзіса. І Паповіч, і Нікалаідзіс з’яўляюцца адкрытымі праціўнікамі спроб Расіі і Сербіі ўдзельнічаць ва ўнутраных справах Чарнагорыі. Разам з Чарнагорскім ПЭН-цэнтрам пісьменнікі аднымі з першых у Чарнагорыі асудзілі вайну Расійскай Федэрацыі супраць Украіны і адкрыта падтрымалі народ Украіны.
На парламенцкіх выбарах, якія прайшлі ў жніўні 2020 года, да ўлады ў Чарнагорыі прыйшоў прарасійскі і прасербскі альянс, што прывяло да ўзмацнення нацыяналізму і паглыблення расколу ў чарнагорскім грамадстве. Цягам апошніх двух гадоў Чарнагорскі ПЭН-цэнтр дакументаваў шматлікія спробы чарнагорскіх уладаў закрыць незалежныя СМІ, а таксама спробы пераследу і паклёпніцкія кампаніі супраць незалежных пісьменнікаў і журналістаў.
«Міжнародны ПЭН рашуча асуджае пераслед чарнагорскімі ўладамі Чарнагорскага ПЭН-цэнтра і яго членаў. Слоўныя напады на чарнагорскіх пісьменнікаў, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці павінны быць неадкладна спыненыя. Свабода слова з’яўляецца асновай дэмакратыі. Калі прастора для гэтага звужаецца, як след парушаюцца і іншыя правы чалавека. Улады Чарнагорыі павінны выконваць свае нацыянальныя і міжнародныя абавязкі і падтрымліваць свабоду слова. Пісьменнікі, журналісты і актывісты павінны мець магчымасць працаваць без запалохвання або пагроз гвалту. Мы салідарныя з нашымі сябрамі з Чарнагорскага ПЭН-цэнтра. І будзем працягваць падтрымліваць іх у імкненні абараняць асноўныя правы і знішчаць прадузятасці ў Чарнагорыі і за яе межамі ў адпаведнасці з місіяй і Статутам ПЭНа»,
— заявіў Герман Рохас, старшыня камітэта «Пісьменнікі за мір» Міжнароднага ПЭНа.
Даведацца больш пра Чарнагорскі ПЭН-цэнтр можна тут.