• Заявы
  • Заява праваабаронцаў аб прызнанні 10 новых палітычных зняволеных

Заява праваабаронцаў аб прызнанні 10 новых палітычных зняволеных

Апошняе абнаўленне: 12 ліпеня 2022
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 10 новых палітычных зняволеных
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Валерый Троцкі, узяты пад варту па арт. 361 КК (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) за заклікі да санкцый у дачыненні да рэжыму;
  2. Арцём Анішчук, узяты пад варту па арт. 369 КК за абразу службовай асобы ў каментары;
  3. Сяргей Бабко, узяты пад варту па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;
  4. Кацярына Балабановіч, узята пад варту па арт. 369 КК за абразу службовай асобы;
  5. Уладзімір Сергіенка, узяты пад варту па арт. 369, 368 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў міліцыі ў каментарыях;
  6. Віктар Русін, узяты пад варту па арт. 369 КК за абразу прадстаўнікоў улады;
  7. Уладзіслаў Ганчароў, асуджаны па ч. 1 арт. 368, 369, 370 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, знявагу дзяржаўных сімвалаў да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  8. Аляксей Чэкель, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  9. Ігар Фалейчык, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  10. Аляксей Вячэрні, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года і дзевяці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Валерыя Троцкага, Арцёма Анішчука, Сяргея Бабко, Кацярыну Балабановіч, Уладзіміра Сергіенку, Віктара Русіна, Уладзіслава Ганчарова, Аляксея Чэкеля, Ігара Фалейчыка, Аляксея Вячэрняга і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі камітэт.