Людзі Слова ў няволі (29)
Пошук

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні пяці палітычных зняволеных


Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем высокую колькасць следчых і судовых рашэнняў, прынятых паводле палітычна матываваных крымінальных спраў з парушэннем асноўных працэсуальных правоў абвінавачаных, якія ў адсутнасць незалежнага, непрадузятага, аб’ектыўнага судовага разгляду надаюць расследаванню і асуджэнню рысы адвольнага. Меры стрымання і прызначаныя крымінальныя пакаранні па гэтых справах выходзяць за межы тых, што звычайна ўжываюцца ў адсутнасць палітычнага матыву, і з’яўляюцца празмерна строгімі, не адпаведнымі ступені грамадскай небяспекі здзейсненага і асобам асуджаных.

Так, Сяргей Адзярыха прызнаны вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў за перадачу Telegram-каналу звестак пра працоўны графік А. Лукашэнкі і іншых высокапастаўленых службовых асоб Беларусі і паводле ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэкса яму прызначана пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на пяць гадоў у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам.

Нагадваем, што Камітэт па правах чалавека падкрэслівае неабходнасць адкрыць шырокі доступ да ўрадавай інфармацыі, якая мае грамадскі інтарэс, з мэтай эфектыўнага ажыццяўлення права на доступ да інфармацыі, дапускаючы толькі дзве вузкія галіны абмежавання гэтага права, якія могуць тычыцца або павагі правоў ці рэпутацыі іншых асобаў, або аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку ці здароўя і маральнасці насельніцтва. Абмежаванні павінны строга адказваць патрабаванню неабходнасці і супамернасці. Парушэннем п. 3 арт. 19 Пакта будзе спасылка на законы пра дзяржаўную здраду і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць ці схаваць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, што ўяўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў ці іншых асобаў за распаўсюд такой інфармацыі.

Алеся Буневіч узятая пад варту паводле абвінавачвання ў “здзяйсненні акту тэрарызму групай асобаў па папярэдняй змове” згодна з ч. 2 арт. 289 КК. Зыходзячы з агучанай дзяржаўнымі прапагандысцкімі крыніцамі інфармацыяй, сутнасць дзеянняў, якія ставяцца ў віну абвінавачанай, — аказанне дапамогі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы грамадзянам Рэспублікі Беларусь, што не з’яўляецца злачынствам паводле беларускага заканадаўства; астатняя частка абвінавачванняў з’яўляецца надуманай і адвольнай, а адпаведнае расследаванне можа быць зробленае без пазбаўлення абвінавачанай волі.

Аляксандр Зайцаў асуджаны паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 289 КК (замах на акт тэрарызму, зроблены групай асобаў па папярэдняй змове) у закрытым судовым пасяджэнні за замах на падпал лецішча старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы да 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Вячаслаў Маляйчук асуджаны паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 289, ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 (падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму), ч. 3 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) да пакарання ў выглядзе 22 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за арганізацыю 25 сакавіка 2021 “актаў тэрарызму ў гарадах Барысаў і Мінск”.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога выстаўленага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку ці частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку ці дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве ці калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, ці — у той ступені, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна — пры асаблівых акалічнасцях, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных акалічнасцяў разгляд павінен быць адкрытым для шырокай публікі, уключаючы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, і не павінен, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асобаў. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўлена доступу на судовы разгляд, судовая пастанова, уключаючы асноўныя высновы, доказы і прававую аргументацыю, павінна быць агучана публічна. Гэтыя патрабаванні не выкананы судом у справе паказаных асобаў, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яе разгляду.

Дзеянні абвінавачанага Зайцава кваліфікаваныя залішне цяжкім складам злачынства — “Акт тэрарызму”, пад якім маецца на ўвазе “здзяйсненне выбуху, падпалу, затаплення, іншых дзеянняў агульнанебяспечным спосабам або такім, што стварае небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў ці надыходу іншых цяжкіх наступстваў” у пэўных мэтах: аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або перашкаджэння палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або застрашвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку. Таму толькі публічнае аб’ектыўнае вызначэнне мэты дзеянняў абвінавачанага, прадэманстраваныя грамадскасці дакладныя доказы таго, што дзеянні Зайцава мелі на мэце перашкодзіць менавіта правамернай і законнай дзейнасці органаў улады і дэмакратычнаму грамадскаму парадку, а не сталі прадуктам практыкі гвалту і рэпрэсій, характэрнай для перыяду пасля жніўня 2020 года, маглі б выключыць сумневы ў слушнасці кваліфікацыі. У іншым выпадку дзеянні абвінавачанага маглі расцэньвацца толькі як няскончанае злачынства ў дачыненні да маёмасці і адпаведна кваліфікавацца — з улікам працэсуальнай нормы аб забароне правакацыі злачынства.

Справа Малейчука, як яна было асветленая дзяржаўнымі прапагандысцкімі інфармацыйнымі рэсурсамі, мела ўсе прыкметы справакаванай, сфальсіфікаванай і накіраванай на стварэнне фармальных працэсуальных умоў для абвінавачвання іншых асобаў, якія адкрыта расследуюць злачынствы службовых асоб да, падчас і пасля выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года, якія выступаюць з крытыкай рэжыму і не хаваюць мэты яго звяржэння. Сам Маляйчук пасля затрымання выглядаў збітым; прынцып прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да яго быў груба парушаны дзяржаўнымі СМІ і службовымі асобамі.

Крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судом селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным. Крымінальнае заканадаўства зробленае істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій. У пазасудовым парадку МУС і КДБ адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўлад і патрабуюць змен у дзяржаве і дзяржаўнай палітыцы. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Шматлікія справы праходзяць з парушэннем прынцыпу галоснасці ў закрытым пасяджэнні. У прыватнасці:

Анатоль Мацулевіч асуджаны паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 3 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках) да 7 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за стварэнне і адміністраванне пратэснага Telegram-канала. Справа А. Мацулевіча была разгледжана ў закрытым судовым пасяджэнні.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў супрацьпраўнасць і сумнеўны характар дзеянняў абвінавачаных былі вынікам адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўлад спыніць беззаконне.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

Ужыванне ўнутранага заканадаўства ў пералічаных справах, ацэнка фактаў і доказаў у той ці іншай ступені насілі адвольны характар і склалі відавочныя памылкі, чым суд парушыў свой абавязак у адносінах да незалежнасці і бесстароннасці, а прызначэнне дэманстратыўна суровых пакаранняў істотна пагоршыла становішча абвінавачаных у параўнанні з іншымі асуджанымі ў падобнай сітуацыі без палітычнага матыву.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў: …

  1. a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. b) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў выстаўленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйснення іншай асобай;
  3. c) працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо было прызнана вінаватай;
  4. d) асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобам.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Сяргея Адзярыхі, Алесі Буневіч, Аляксандра Зайцава, Вячаслава Малейчука, Анатоля Мацулевічаз’яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад улад Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў дачыненні да іх меры і судовыя рашэнні пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.