• Заявы
  • Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 30 новых палітзняволеных

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 30 новых палітзняволеных

Апошняе абнаўленне: 6 мая 2022
Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 30 новых палітзняволеных
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнка, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Арцём Казлоўскі, асуджаны за паклеп па арт. 188 КК да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  2. Юрый Церашкевіч, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  3. Віталь Рогач, узяты пад варту па абвінавачванні па “справе Зельцара”;
  4. Алег Якунін, асуджаны па арт. 341 КК да трох месяцаў арышту за два надпісы пра Лукашэнкі на фасадзе дома і прыпынку;
  5. Павел Фалькоўскі асуджаны па арт. 341 КК да трох месяцаў арышту за надпісы;
  6. Андрэй Сцепаненка, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  7. Дзмітрый Панцялейка, асуджаны па арт. 370 КК (здзек над дзяржаўнымі сімваламі) за тое, што размясціў у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” малюнак свастыкі на фоне дзяржаўнага сцяга да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  8. Ян Алексейчыкаў, асуджаны па арт. 370 КК (здзек над дзяржаўнымі сімваламі) да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  9. Сяргей Алейнікаў, асуджаны па арт. 370 КК (здзек над дзяржаўнымі сімваламі) да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  10. Святлана Саўчанка, асуджана па арт. 339 КК за за тое, што сарвала замацаваны на аўтамабілі ўдзельніцы праўладнага аўтапрабегу сувенірны сцяг і нанесла некалькі ўдараў пластыкавым фагштокам сцяга па аўтамабілі, чым выказала абурэнне паводзінамі ўдзельнікаў прабегу;
  11. Сяргей Карпеня, асуджаны па ч. 1 арт.368 КК за абразу А.Лукашэнкі да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  12. Кірыл Жыжэнскі асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі да 1 года і 1 месяца калоніі;
  13. Ірына Прыгава, узята пад варту па арт 341 і 339 КК за распаўсюд пратэснай сімволікі;
  14. Дзмітрый Матусевіч, узяты пад варту па арт. 341 за антываеныя надпісы;
  15. Вячаслаў Лютынскі, узяты пад варту па арт. 370 за знявагу дзяржаўных сімвалаў;
  16. Аляксей Хількевич, узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 191 КК (Перашкаджэнне ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, або рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, або рабоце Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата) за рассылку лістоў перад рэферэндумам з заклікам сумленна выконваць свае абавязкі;
  17. Аляксандр Казакевіч, узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады;
  18. Яўген Галіч, узяты пад варту па арт. 203-1 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных) за перадачу даденых прадстаўнікоў улады ў медыя і арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады;
  19. Ганна Кісялёва, узята пад варту за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК;
  20. Марына Маркевіч, узята пад варту за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК;
  21. Віктар Хімарода, узяты пад варту за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК;
  22. Дзмітрый Зеленяк, узяты пад варту за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК і прадстаўніка ўлады па арт.369 КК;
  23. Аляксандр Лаўрэнцьеў, узяты пад варту за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК і прадстаўніка ўлады па арт.369 КК;
  24. Андрэй Бяляўскі, узяты пад варту за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК;
  25. Арцём Ляшнеўскі, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  26. Салім Мамедаў, асуджаны па арт. 364 КК за паведамленне з пагрозамі ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі ў сацыяльнай сетцы, якое не магло быць рэальна прыведзена ў выкананне, да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  27. Вячаслаў Шаблінскі, асуджаны па арт. 339 КК РБ (“Хуліганства”) за надпісы на цюках саломы да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  28. Ілля Ганчарык, асуджаны па арт. 364 КК за адправленае са свайго мабільнага тэлефона ўчастковаму інспектару міліцыі паведамленне, якое не змяшчала пагрозаў, да 4 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  29. Андрэй Лугін, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  30. Сяргей Канавалаў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;

Ў сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Арцёма Казлоўскага, Юрыя Церашкевіча, Віталя Рогача, Аляксея Хількевіча, Вячаслава Шаблінскага, Андрэя Сцепаненку, Аляксандра Казакевіча, Дзмітрыя Панцялейку, Яўгена Галіча, Ірыну Прыгаву, Яна Аляксейчыкава, Сяргея Алейнікава, Саліма Мамедава, Іллю Ганчарыка, Сяргея Карпеню, Ганну Кісялёву, Марыну Маркевіч, Віктара Хімароду, Арцёма Ляшнеўскага, Паўла Фалькоўскага, Алега Якуніна, Андрэя Лугіна, Дзмітрыя Матусевіча, Вячаслава Лютынскага, Сяргея Канавалава, Андрэя Бяляўскага, Аляксандра Лаўрэнцьева, Дзмітрыя Зеленяка, Святлану Саўчанка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Lawtrend;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі ПЭН;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.