• Заявы
  • Зварот беларускай праваабарончай супольнасці ў падтрымку Украіны

Зварот беларускай праваабарончай супольнасці ў падтрымку Украіны

Апошняе абнаўленне: 24 лютага 2022
Зварот беларускай праваабарончай супольнасці ў падтрымку Украіны
Зварот прадстаўнікоў беларускіх праваабарончых арганізацый

24 лютага 2022 года ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі распачалі ўварванне ва Украіну. Расійская Федэрацыя называе гэтыя дзеянні “спецыяльнай аперацыяй”, але трэба называць рэчы сваімі імёнамі: пачалася вайна, Расія – краіна-агрэсар, Беларусь уцягнутая ў гэтую вайну як саюзнік агрэсара.

Беларуская праваабарончая супольнасць упэўненая, што дзеянні Расійскай Федэрацыі – неабгрунтаваныя і неадэкватныя, яны не маюць апраўдання.

Гэта вайна не толькі з Украінай, але выклік усяму цывілізаванаму свету, і свет павінен прыняць тэрміновыя і эфектыўныя меры па супрацьдзеянні гэтай агрэсіі.

Беларуская праваабарончая супольнасць рашуча пратэстуе супраць расійскай агрэсіі і патрабуе неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і вываду расійскіх войскаў з усёй тэрыторыі Украіны і Беларусі.

Мы рашуча выступаем супраць выкарыстання зброі для вырашэння існуючых праблем ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі. Такія дзеянні відавочна прывядуць да гуманітарнага крызісу, да чалавечых ахвяр і агульнага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека.

Беларускія праваабаронцы заклікаюць урады ўсіх краінаў і ўсе міжнародныя інстытуцыі выказаць падтрымку Украіне, украінскай грамадзянскай супольнасці і прыняць дзейныя і эфектыўныя захады для супрадзеяння агрэсіі Расіі і ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне.

Мы выказваем салідарнасць і падтрымку ўкраінскаму народу ў яго барацьбе за суверэнітэт і адстойванне сваіх прынцыпаў.

Беларускі Дом Правоў Чалавека

Беларускі ПЭН

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”

Прававая ініцыятыва

Беларуская асацыяцыя журналiстаў

Lawtrend