• Заявы
  • Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні дзевяці новых палітвязняў

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні дзевяці новых палітвязняў

Апошняе абнаўленне: 22 снежня 2021
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні дзевяці новых палітвязняў
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) у дачыненні да Глеба Нікановіча, Ігара Ляшкевіча, Ціхана Шлюхціца, Арцёма Майсіёнка, Андрэя Абразцова, Канстанціна Шульгі, Данііла Дарафеева, Сяргея Красоўскага і Міхаіла Лапенаса (таксама асуджанага па арт. 368 КК і 369 КК), яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць Глеба Нікановіча, Ігара Ляшкевіча, Ціхана Шлюхціца, Арцёма Майсіёнка, Андрэя Абразцова, Канстанціна Шульгу, Данііла Дарафеева, Сяргея Красоўскага і Міхаіла Лапенаса і спыніць іх крымінальны пераслед.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

“Прававая ініцыятыва”;

Беларускі ПЭН;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Lawtrend;

Ідэнтычнасць і права.