У 2014 годзе заснаваў партал «1863x.com», пісаў тэксты пад псеўданімам Джон Сільвер, заклікаў пераасэнсоўваць гісторыю і сучаснасць Беларусі.
У траўні 2015 году арыштаваны па крымінальнай справе па ч.1 арт.130 за “распальванне міжнацыянальнай варожасці”. У лістападзе 2015 году выехаў ва Украіну. У студзені 2016 году пры перасячэнні расійска-ўкраінскай мяжы яго затрымалі супрацоўнікі Фэдэральнай службы бяспекі (ФСБ), экстрадавалі ў Беларусь, змясцілі ў ізалятар у Жодзіна.
У 2016 годзе першы раз прызнаны палітвязнем.
28 кастрычніка 2016 году Мінскі гарадскі суд асудзіў Эдуарда Пальчыса да 1 году і 9 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Вызвалены ў залі суда.
Эдуарда Пальчыса штрафавалі за ўдзел у акцыях у месцы сталінскіх расстрэлаў Курапаты і за ўдзел у перформансе ў барбершопе «Чэкіст».
27 верасня 2020 года затрыманы, трое сутак родныя не ведалі, дзе ён знаходзіцца. Высветлілася, што ён змешчаны ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна, бо яшчэ летам 2020 года быў завочна асуджаны два разы па 15 сутак арышту паводле артыкула 23.34 КаАП. Падчас адміністрацыйнага арышту Эдуарду Пальчысу было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага Кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў).
9 лістапада 2020 года прызнаны палітвязнем.
6 снежня 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся працэс па крымінальнай справе Эдуарда Пальчыса, які праходзіў у закрытым рэжыме.
Эдуарда Пальчыса судзілі па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Прысуд: 13 гадоў пазбаўлення волі.
На пачатку лютага 2022 стала вядома аб пераводзе Эдуарда з мінскага СІЗА-1 у віцебскі СІЗА-2, дзе ён 11 дзён правёў у карцары. У сярэдзіне красавіка ён быў этапаваны ў наваполацкую ПК № 1 і правёў там месяц у ШІЗА.
8 красавіка палітвязня ўключылі ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
10 чэрвеня 2022 г. паводле пазову пракуратуры Мінска з Эдуарда Пальчыса судом пастаноўлена спагнаць звыш 575 тысяч рублёў шкоды, якую ён нібыта прычыніў дзяржаўным прадпрыемствам.
У сярэдзіне жніўня 2022 г. стала вядома, што Эдуарду ўзмацнілі пакаранне: палітвязня перавялі з ПК № 1 у магілёўскую Турму № 4.
Адрас для ліставання: Эдуарду Аляксандравічу Пальчысу, Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.