Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
У 1999 годзе выдаў зборнік вершаў «Чарнавікі» з прадмовай Міколы Купрэева. За выхад кнігі аўтар выказаў падзяку сваім «двухкрылым фундатарам — пчолам». Друкаваўся ў часопісе «Крыніца», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», абласной і раённай перыёдыцы.
За зборнік «Чарнавікі» ў 2000 годзе быў уганараваны прэміяй «Гліняны Вялес-99».
У 2001 годзе заснаваў штогадовую «Мядовую прэмію» (пуд мёду). Лаўрэатамі прэміі могуць стаць толькі звязаныя з Брэстчынай літаратары.
Міколу Папеку затрымалі 30 лістапада дома ў вёсцы Лінова Пружанскага раёна.
Пра гэта з’явіліся паведамленні ад сяброў і паплечнікаў паэта ў сацыяльных сетках. Паводле іх, адбылося гэта ў 06:45 раніцы 30 лістапада, пасля чаго Міколу Папеку павезлі ў Брэст.
На допыце ў ізалятары Мікола Папека не сведчыў супраць сябе на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гаварыў па-беларуску, патрабаваў перакладчыка, а таксама — каб дакументы следчых былі аформлены па-беларуску. «Я ўсё ж перакладчыка дабіўся. Аказалася, што знайсці перакладчыка ў Брэсце — вялікая складанасць», — паведаміў пасля вызвалення сам Мікола Папека. У той раз Мікола Папека вярнуўся дадому пасля трох сутак у ізалятары.
8 чэрвеня 2021 года Мікола Папека асуджаны да 2 гадоў «хіміі» па «карагоднай справе» (арт. 342, ч. 1 і арт. 75, ч. 1). «Карагодная справа» — адна з самых маштабных крымінальных спраў, звязаных з паслявыбарнымі акцыямі пратэсту ў Брэсце. 13 верасня ў Брэсце адбывалася шэсце ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту. Удзельнікі мірнай акцыі пратэсту выйшлі на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Людзі спявалі песні, вадзілі карагоды, пакуль не прыехаў вадамёт, супрацоўнікі міліцыі пачалі затрымліваць пратэстоўцаў.
З 12 верасня 2021 года Мікола Папека адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў Мазыры. Яго хадайніцтва аб накіраванні ва ўстанову адкрытага тыпу ў в. Куплін, якая знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад яго роднага дома, было адхілена ўладамі.
16 верасня 2021 года прызнаны палітвязнем.
На пачатку красавіка 2022 года суд Мазырскага раёна пастанавіў замяніць Мікалаю «хімію» на 8,5 месяца калоніі.
17 снежня 2022 года Мікалай выйшаў на волю з магілёўскай калоніі № 15, цалкам адбыўшы тэрмін.