• Заявы
  • Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 12 палітвязняў

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 12 палітвязняў

Апошняе абнаўленне: 30 верасня 2021
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 12 палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў узяцця пад варту, асуджэння і зняволення грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са здзекам з дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзянаў за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем:

намі атрымана інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і здзек з дзяржаўных сімвалаў, а таксама выкарыстанне іншых дапушчальных формаў выказвання меркаванняў:

  1. Ігар Адаменкаў, асуджаны паводле арт. 369 КК за абразу службовай асобы да аднаго года шасці месяцаў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
  2. Вадзім Ермаловіч, асуджаны паводле арт. 369 КК за абразу службовай асобы да аднаго года шасці месяцаў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
  3. Андрэй Ізотаў, асуджаны паводле арт. 369 КК да двух гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
  4. Яўген Кіслейка, асуджаны паводле арт.364 КК да аднаго года шасці месяцаў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
  5. Вадзім Ермашук, узяты пад варту па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў і абразе прэзідэнта (арт. 370, 368 КК);
  6. Ігар Пятран, асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за пагрозы супрацоўнікам міліцыі і абразу службовай асобы ў каментарах у сацыяльнай сетцы паводле арт. 369 і 364 КК;
  7. Мікалай Слёз, узяты пад варту па абвінавачванні ў нанясенні графіці (арт. 341 КК);
  8. Мікіта Прысталенка, асуджаны паводле арт. 370 КК да аднаго года абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
  9. Віталь Жук, асуджаны паводле арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  10. Сяргей Банькоў, асуджаны паводле арт. 369 КК за абразу службовай асобы да трох гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
  11. Вячаслаў Савічаў, асуджаны паводле арт. 370 КК да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  12. Дзяніс Сяргееў, асуджаны паводле арт.369 КК за абразу службовай асобы да 1 года 11 месяцаў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне.

У сувязі з гэтым мы лічым іх пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываванымі, звязанымі з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць палітвязняў Ігара Адаменкава, Вадзіма Ермаловіча, Андрэя Ізотава, Яўгена Кіслейку, Вадзіма Ермашука, Ігара Пятрана, Мікалая Слёза, Мікіту Прысталенку, Віталя Жука, Сяргея Банькова, Вячаслава Савічава, Дзяніса Сяргеева і спыніць крымінальны пераслед у адносінах да іх.
  • Прыняць меры, накіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта — артыкулаў 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усё раней заведзеныя паводле гэтых артыкулаў крымінальныя справы.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Lawtrend;

“Прававая ініцыятыва”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.