• Афiша
  • “Ежы Гедройць і беларускае мысленне” – лекцыя Ігара Бабкова ў межах X сезону прэміі Гедройця

“Ежы Гедройць і беларускае мысленне” – лекцыя Ігара Бабкова ў межах X сезону прэміі Гедройця

Апошняе абнаўленне: 8 верасня 2021
“Ежы Гедройць і беларускае мысленне” – лекцыя Ігара Бабкова ў межах X сезону прэміі Гедройця
9 верасня а 19.00 адбудзецца першая анлайн-лекцыя ў межах сёлетняй прэміі імя Ежы Гедройця. Філосаф Ігар Бабкоў паразважае аб тым, як фігура Гедройця паўплывала і працягвае ўплываць на беларускае мысленне.

Ежы Гедройць і яго парыская “Культура” дасюль застаюцца адным з самых важных люстэркаў і выклікаў для беларускіх творцаў. І хаця ён сымбалічна вярнуўся ў горад свайго нараджэння (вуліца і літаратурная прэмія), ягоны канцэптуальны набытак усё яшчэ чакае нашай увагі.

Ігар Бабкоў — філосаф, паэт, празаік, гісторык ідэй. Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута Філасофіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук (2003), дацэнт. Дырэктар-заснавальнік і прафесар Беларускага Калегіюма. Галоўны рэдактар часопіса “Абдзіраловіч”.

Аўтар паэтычных зборнікаў “Solus Rex” (1986), “Герой вайны за празрыстасьць” (1998), “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб” (2009), рамана “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” (2001), гісторыка-філасофскага даследавання “Філасофія Яна Снядэцкага” (2002), кнігі эсэ “Каралеўства Беларусь: вытлумачэньні ру(і)наў” (2005) і празаічных кніг “Хвілінка. Тры гісторыі” (2013) (пераможца прэміі Гедройця 2014 года) і “Хвілінка. Другая кніга” (2017).

Лекцыя пройдзе анлайн. Далучайцеся да прагляду ў чацвер (9 верасня) а 19.00 на youtube-канале ПЭНа па спасылцы, а таксама на нашых старонках у сацсетках.