• Заявы
  • Заява аб прызнанні трох супрацоўнікаў “БелаПАН” палітычнымі зняволенымі

Заява аб прызнанні трох супрацоўнікаў “БелаПАН” палітычнымі зняволенымі

Апошняе абнаўленне: 19 жніўня 2021
Заява аб прызнанні трох супрацоўнікаў “БелаПАН” палітычнымі зняволенымі
Ірына Леўшына, Дзмітры Наважылаў і Кацярына Боева

Раніцай 28 жніўня 2021 супрацоўнікі сілавых структур прыйшлі з ператрусамі да журналістаў, супрацаўнікаў і ў рэдакцыю інфармацыйнага агенства БелаПАН. Амаль адначасова перастаў адчыняцца сайт БелаПАН па адрасах belapan.by і belapan.com як у Беларусі, так і за мяжой.

Пасля ператрусаў шэраг журналістаў і супрацоўнікаў БелаПАН былі адвезеныя на допыт, пасля чаго ў іх была адабраная падпіска аб неразгалошванні. Ператрусы і допыты праводзіліся паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх).

Пазней стала вядома, што па ч. 1 арт. 342 КК былі затрыманыя дзеючыя і былыя супрацоўнікі БелаПАН:

  1. Ірына Леўшына – дырэктар;
  2. Дзмітры Наважылаў – былы дырэктар;
  3. Кацярына Боева – бухгалтар кампаніі.

Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў інфармацыйнага агенства БелаПАН з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава і Кацярыны Боевайз’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару іх публічнай супольнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у складзе інфармацыйнага агенства БелаПАН у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава, і Кацярыны Боевай палітычнымі зняволенымі і патрабуем:

  • неадкладнага вызвалення Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава і Кацярыны Боевай з-пад варты;
  • адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання;
  • неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Праваабарончы цэнтр”Вясна”;

“Прававая ініцыятыва”;

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

“Ідэнтычнасць і права”.