• Заявы
  • Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні сямі новых палітвязняў

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні сямі новых палітвязняў

Апошняе абнаўленне: 13 ліпеня 2021
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні сямі новых палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Вячаслаў Караткевіч – асуджаны судом Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці па арт. 367 КК за паклёп у дачыненні прэзідэнта на паўтары гады пазбаўлення  волі;
  2. Аляксандр Бычкоўскі – асуджаны судом Ельскага раёна Гомельскай вобласці па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады на паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  3. Павел Семаковіч – асуджаны судом Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобласці  па  ч.1 арт.339 КК (хуліганства) за спаленне дзяржаўнага сцягу на тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  4. Яўген Каральчук – асуджаны судом Столінскага р-на Брэсцкай вобласці раёна па арт. 370 КК за знявагу дзяржаўных сімвалаў на год пазбаўлення волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  5. Яўген Пашалюк – асуджаны судом Камянецкага р-на Брэсцкай вобласці па арт. 391  КК за абразу суддзі на два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  6. Ігар Фалецкі  асуджаны судом Бабруйскага  раёна Магілёўскай вобласці  па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта і арт. 369 КК абраза прадстаўніка ўлады  да аднаго году калоніі;
  7. Міхаіл Гулідаў асуджаны судом Ленінскага р-на г. Магілева па аот. 368 КК за абрау прэзідэнта, арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, а таксама арт. 409 КК за незаконныя дзеянні ў дачыненні да маемасці, падвергнутай вопісу ці арышту на адзін год пазбаўлення волі.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Вячаслава Караткевіча, Аляксандра Бычкоўскага, Паўла Семаковіча, Яўгена Каральчука, Яўгена Пашалюка, Ігара Фалецкі, Міхаіла Гулідава і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

ГА “Беларуская ассацыяцыя журналістаў”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

“Ініцыятыва FORB”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.