У сувязі з прад’яўленнем абвінавачванняў і абраннем меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту Васіля Логвінава (абвінавачаны па ч. 2 арт. 339 КК) мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:
Згодна з прад’яўленым абвінавачваннем, ён разам з іншымі грамадзянамі 7 траўня 2021 г. нанес малюнак “Дыджэяў Перамен” на трансфарматарнай будцы на г.зв. “Плошчы перамен” у г. Мінску. Такім чынам, па меркаванні следства, Васіль Логвінаў здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) — наўмысныя дзеянні, здзейсненыя групай асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выражаюць яўную непавагу да грамадства і вызначаюцца выключным цынізмам.
14 мая 2021 г. Васіль Логвінаў быў затрыманы і на дадзены момант знаходзіцца пад вартай у СІЗА г. Жодзіна. Таксама нам вядома, што да свайго затрымання Васіль Логвінаў з’яўляўся падазраваным па арт. 342 КК (групавыя дзеянні, які груба парушаюць грамадскі парадак).
Сутнасць дзеянняў – змест нанесенага малюнка, па нашым меркаванні, сведчаць аб іх пратэстным змесце. Відавочна, што мэтай дадзенага ўчынку было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і склаўшайся сітуацыяй у краіне ў поствыбарчы перыяд.
Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.
У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Абвінавачаны не пасягаў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці. Нансеная выява таксама не пасягала на грамадскую мараль, не была скіраваная на прапаганду варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.
Нанясенне малюнка не магло і не прывяло да значнага пашкоджання ці знішчэння аб’екта (трансфарматарнай будкі), на які ён быў нанесены, а матэрыяльная шкода ад такіх дзеянняў відавочна насіла сімвалічны характар
Такім чынам, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Васіля Логвінава палітычна матываваным, а самога Васіля Логвінава палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Васіля Логвінава, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго.
- Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
“Ініцыятыва FORB”;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларусі ПЭН-цэнтр;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.