У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі) і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Уладзімір Шакун – асуджаны прысудам суда Жыткавіцкага р-на на два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу па ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), арт. 370 КК (знявага дзяржаўных сімвалаў), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Ілля Тананка – асуджаны прысудам суда Фрунзенсага р-на г. Мінска на паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Рамуальд Улан – асуджаны прысудам суда Смаргонскага р-на на два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 188 КК (паклеп), накіраваны для адбыцця пакарання;
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Уладзіміра Шакуна, Іллі Тананкі, Рамуальда Улана палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Уладзіміра Шакуна, Іллі Тананкі, Рамуальда Улана і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
“Ініцыятыва FORB”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
РПГА ” Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве ” Хьюман канстанта”;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.