У сувязі з прад’яўленнем абвінавачванняў і абраннем меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту жыхарцы г. Брэста Юліі Бодак (абвінавачаная па ч.2 арт. 339 КК) і ўзяццем пад варту жыхара г. Гродна Ігара Банцара (абвінавачаны па ч.1 арт. 339 КК) мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:
Юлія Бодак пастановай следчага Брэсцкага міжраённага аддзела СК ад 17.02. 2021 г. была прызнаная абвінавачанай у здзяйсненні злачынства, прадуглежанага ч.2 арт. 339 КК (хулігантсва). У дачыненні да яе абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.
Згодна з прад’яўленым Юліі Бодак абвінавачваннем, яна разам з іншымі грамадзянамі 23.10.2020 г. вырабіла пудзіла, “прадстаўляя яго перад грамадскасцю як прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, далучыўшы да яго два аркушы паперы, на якіх неўстаноўленая асоба ўчыніла надпіс “скраў галасы” і “асудзіў невінаватых”, вывесіла пудзіла на дрэве на ўчастку мясцовасці па Варшаўскай шашы, тым самым выставіўшы пудзіла на агляд невызначанаму колу асобаў”. Такім чынам, па меркаванні следства, Юлія Бодак здзейсніла злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 339 КК (хуліганства) — наўмысныя дзеянні, здзейсненыя групай асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выражаюць яўную непавагу да грамадства і вызначаюцца выключным цынізмам.
Сутнасць дзеянняў – змест надпісаў, а таксама выгляд пудзіла, па нашым меркаванні, сведчаць аб іх пратэстным змесце. Відавочна, што мэтай дадзенага учынка было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і склаўшайся сітуацыяй у краіне ў поствыбарчы перыяд.
Такім чынам, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства.
Змест надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх месяцаў, сведчаць аб тым, што матывамі іх нанясення і вывешвання пудзіла ў грамадскім месцы было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.
Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.
У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Абвінавачаная не пасягала на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.
Таксама нам стала вядома, што 20 кастрычніка 2020 г. у г. Гродна за правядзенне перформансу ў выглядзе танца без штаноў перад машынай міліцыі быў затрыманы і ўзяты пад варту вядомы рок-музыка і грамадскі актывіст Ігар Банцар.
Гэтыя дзеянні Ігара Банцара былі кваліфікаваныя органамі следства як здзяйсненне хуліганства – ч.1 арт. 339 КК. Пры гэтым, як вынікае з паказанняў самога абвінавачанага, сапраўднымі матывамі і мэтамі гэтага ўчынку было выказванне пратэсту ў форму перформанса, які суправаджаўся частковым публічным агаленнем (танцам у стрынгах на целе) перад машынай з супрацоўнкамі міліцыі.
Трэба адзначыць, што такая форма пратэсту, як публінчае поўнае ці частковае агаленне цела, з’яўляецца адной з распаўсюджаных форм пратэсту і выказвання свайго меркавання. Нягледзячы на дзёрзкі характар такога кшталту акцыі, яна носіць мірны характар і з улікам абставінаў, адрасата, месца і часу здзяйснення дзеянняў не пераследуе гнюсныя матывы, не мае на мэце пасягальніцтва на ахоўваемыя свабоды іншых грамадзян.
На нашую думку, гэтыя акалічнасці мусілі быць улічаныя органамі следтства пры прававой кваліфікацыі дзеянняў Ігара Банцара.
Мы яшчэ раз нагадваем, што абмежаванні свабоды выказвання свайго меркавання падлягаюць абмежаванням у строга вызначаных выпадках, але гэтыя абмежаванні павінны насіць прапарцыйны характар.
Кваліфікацыя дзеянняў Ігара Банцара як крымінальнага злачынства (хуліганства) і ягонае ўтрыманне пад вартай на працягу некалькіх месяцаў з’яўляецца абсалютна непрапарцыйнай мерай, што сведчыць ад палітычным матыве пераследу Ігара Банцара з боку беларускіх уладаў.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Юліі Бодак і Ігара Банцара палітычна матываваным, а саміх Юлію Бодак і Ігара Банцара палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Юліі Бодак і Ігара Банцара, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
- Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве ” Хьюман канстанта”;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.