У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу службовых асобаў, прэзідэнта, суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Ілля Смольскі – асуджаны прысудам суда Ленінскага р-на г. Брэста да аднаго года абмежавання волі па арт. 370 КК (знявага дзяржаўных сімвалаў). Накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
- Уладзімір Шынкевіч – асуджаны ў закрытым судовым паседжанні суда Аршанскага р-на па ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) да аднаго года і трох месяцаў пазбаўлення волі.
- Уладзімір Няпомняшчых – абвінавачаны і ўзяты пад варту па арт. 366 (пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы, у сувязі з выкананнем ёй службовых абавязкаў) і арт. 369 КК (абраза службовай асобы). Знаходзіцца ў СІЗА г. Гомеля.
- Уладзімір Міхалка – абвінавачаны і змешчаны пад варту па ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Знаходзіцца ў СІЗА г. Гомеля.
- Міхаіл Гладыш – асуджаны прысудам суда Першамайскага р-на г. Віцебска па арт. 369 КК (абраза службовай асобы) да дзвух гадоў абмежавання волі. Накіраваны для адбыцця пакарання у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
- Георгій Васіленка – асуджаны прысудам суда Цэнтральнага р-на г. Гомеля па ч.1 арт. 339 (хуліганства) за “звяржэнне” дзяржаўнага сцяга да двух гадоў абмежавання волі. Накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
- Валадар Цурпанаў – асуджаны прысудам суда Магілеўскага р-на па арт. 391 КК (абразу суддзі ці народнага засядацеля) да трох гадоў абмежавання волі. Накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Іллі Смольскага, Уладзіміра Шынкевіча, Уладзіміра Няпомняшчых, Уладзіміра Міхалкі, Міхаіла Гладыша, Георгія Васіленкі, Валадара Цурпанава палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Іллю Смольскага, Уладзіміра Шынкевіча, Уладзіміра Няпомняшчых, Уладзіміра Міхалку, Міхаіла Гладыша, Георгія Васіленку, Валадара Цурпанава і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт.188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве ” Хьюман канстанта”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
“Ініцыятыва FORB”.