2-5 красавіка ў Мінску адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova». Таксама ў гэтым годзе фестываль пройдзе ў Віцебску (22 лютага), Брэсце (29 лютага), Гродна (7 сакавіка) і яшчэ ў адным горадзе (14 сакавіка), які вызначыцца з дапамогай народнага галасавання на сайце і старонках праекта ў сацыяльных медыя.
«Pradmova» – пляцоўка для камунікацыі паміж выдаўцамі, аўтарамі, рэдактарамі, ілюстратарамі, дызайнерамі і чытачамі. Фестываль праходзіць з 2018 года. Штогод у ім прымаюць удзел найлепшыя беларускія і замежныя літаратары, а праграма складаецца з дзесяткаў разнастайных імпрэз.
Арганізатары запрашаюць усіх жадаючых даслаць свае ідэі, якія можна будзе рэалізаваць у межах фестываля, а таксама стаць яго партнёрам. Для гэтага трэба запоўніць адмысловую форму, апісаць сваю прапанову і пакінуць кантактныя дадзеныя.
Часткай сёлетняй праграмы могуць стаць прэзентацыі кніг, лекцыі, майстар-класы, дыскусіі, конкурсы, квэсты, ларпы ды іншыя фарматы мерапрыемстваў на літаратурную тэматыку. Усе прапановы будуць уважліва разгледжаны Аргкамітэтам фестывалю, а самыя цікавыя з іх будуць адабраныя для праграмы на пляцоўках «Pradmova».
Заяўкі на мінскі фэст «Pradmova» прымаюцца да 23 лютага, на рэгіянальныя івэнты – да 12 лютага.