13 красавіка а 18.00 Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на экскурсію па фотавыставе «Адбітак».
У мерапрыемстве прымуць удзел пісьменніцы, чые партрэты прадстаўлены ў экспазіцыі музея: Лина Казакова, Юля Цімафеева, Людміла Рублеўская, Вольга Гапеева, Сабина Брило, Аксана Спрынчан, Раіса Баравікова, Вера Бурлак, Таццяна Нядбай, Татьяна Светашева, Екатерина Морголь, Анка Упала, Наста Кудасава.
Мадэратаркай сустрэчы стане адна з удзельніц праекта Ліна Казакова.
Уваход вольны!
Літаратурны музей Петруся Броўкі сумесна з фатографам Іванам Бесерам прэзентавалі першую частку праекта – «Адбітак».
«На фотаздымках – жанчыны, якія прызвычаіліся раскрываць свой унутраны свет у вербальнай форме і ў іх гэта паспяхова атрымліваецца. Цяпер я хачу паказаць іх унутраны свет праз іх партрэты. Максімальна адысці ад стылю і арыгінальнасці фотаздымка ў партрэце. Фатаграфіі не павінны адцягваць асвятленнем, канатацыяй, апрацоўкай і ракурсамі. Прыбраць асобу фатографа з фатаграфій. Даць магчымасць гледачу адчуць чалавека праз партрэт і праз слова. Дадаць дынаміку ў застылыя формы. Прыцягнуць увагу да сучаснай беларускай літаратуры», – кажа фатограф, адзін з аўтараў праекта Іван Бесер.
Праект «Адбітак» – гэта спроба задакументаваць сучасны літаратурны працэс Беларусі, выкарыстоўваючы пры гэтым мову дакументальнай фатаграфіі. Перад тым, як зрабіць партрэт пісьменніцы, Іван знаёміўся з яе літаратурнымі творамі і біяграфічнымі звесткамі. Не ангажаванасць фатографа – гэта істотны момант у нашым праекце. Таму партрэт кожнай з удзельніц зроблены паводле таго, як фатограф ўспрыняў напісанае. У такім выпадку паміж фатографам і пісьменніцамі ўзнікае культурная камунікацыя. Гэту камунікацыю фіксуе фотаздымак, які і стане адбіткам у гісторыі беларускай літаратуры для нашых нашчадкаў.
У першай частцы праекта былі прадстаўлены 14 партрэтаў беларускіх пісьменніц разам з вершамі, якія яны самі выбралі.