Сёлета прэмія за найлепшы пераклад на беларускую мову ў трох намінацыях — “Проза”, “Паэзія” і “Публікацыя ў часопісе “ПрайдзіСвет” — будзе ўручацца ў шосты раз. Прэмія будзе ўручаная 30 верасня, у Міжнародны дзень перакладчыка.
У журы прэміі ўвайшлі: Уладзь Лянкевіч, Марыя Мартысевіч, Кацярына Маціеўская, Ціхан Чарнякевіч, Ганна Янкута.
Доўгі спіс прэміі — на сайце часопiса.
У папярэднія гады лаўрэатамі прэміі часопіса “ПрайдзіСвет” былі Лявон Баршчэўскі, Вера Бурлак, Антон Францішак Брыль, Альгерд Бахарэвіч, Алеся Башарымава, Вольга Калацкая, Марыя Мартысевіч, Сяргей Сматрычэнка, Сяргей Шупа і іншыя.
Акрамя таго, часопіс распачаў краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на выданне другога зборніка з серыі пра Шэрлака Холмса Артура Конана Дойла. Азнаёміцца з падрабязнасцямі і падтрымаць праект можна па спасылцы.