Пазапланавая падатковая праверка прыйшла ў кнігарню «логвінаЎ» у пачатку снежня. Памяшканне апячаталі, а дакументацыю ўзялі на вывучэнне. Па выніках праверкі кнігарню распячаталі. Але вынеслі суровае пакаранне за працу без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі.
Па выніках праверкі кнігарню аштрафавалі амаль на 1 мільярд рублёў – такой была сума продажаў кніг за год. Спаганяць гэтыя грошы будуць праз суд, паведамляе «Наша Ніва».
Уласнік кнігарні Ігар Логвінаў адзначыў, што за год ён восем разоў звяртаўся ў Мінінфарм па ліцэнзію. І кожны раз яму адмаўлялі. Адна з адмоў была звязана з тым, што Ігар… няправільна ўказаў паштовы індэкс.
У каментары Еўрарадыё Ігар Логвінаў адзначыў: “Была праверка падатковай, і яны перадалі дакументы ў суд. Будзе судовае рашэнне. Пакуль кнігарня працуе. Абвінавацілі ў гандлі кнігамі без ліцэнзіі Мінінфармацыі. Пакуль не зразумела, што рабіць. Самая вялікая пагроза — мы мусім вярнуць каля мільярда рублёў у бюджэт”.
Летась Міністэрства інфармацыі забрала ў выдавецтва «логвінаЎ» ліцэнзію за выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011». Альбом прызналі нібыта экстрэмісцкім.
Кнігарня з’яўляецца месцам шматлікіх кніжных прэзентацый і гранічна значнай для нацыянальнай культуры і літаратуры прасторай.
Цяпер кнігарня вярнулася да працы ў ранейшым рэжыме.