9 траўня ў Любляне (Славенія) адбылася адкрытая дыскусія “Бывай, зброя” ў межах 46 Міжнароднай сустрэчы пісьменнікаў, арганізаванай ПЭН-цэнтрам.
Сустрэча праходзіла ў Доме пісьменнікаў імя П. Трубара. Удзел у ёй узялі: віцэ-прэзідэнт Рускага ПЭН-цэнтра і слынны праваабаронца Аляксей Сіманаў, сябар Украінскага ПЭН-цэнтра і рускамоўны ўкраінскі пісьменнік Андрэй Куркоў, грузінскі літаратуразнаўца і выкладчык Лаша Бакрадзэ, паэт і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч і пісьменнік і журналіст Алан Цхурбаеў з Паўночнай Асеціі.
Мадэратар сустрэчы Андрэй Стопар звярнуўся да ўдзельнікаў дыскусіі з двума асноўнымі пытаннямі: як змяніўся свет у эпоху сучасных войнаў і што ў гэтай сітуацыі могуць зрабіць інтэлектуалы. Аляксей Сіманаў расказаў пра складаную сітуацыю ў сучаснай Расіі, калі пуцінская прапаганда засвоіла “рыторыку свабоды” і множыць хлусню, спекулюючы словамі, якія праз гэта страчваюць сэнс. Андрэй Куркоў расказаў пра свой досвед Майдану і супрацьстаяння спачатку януковічаўскім сілавікам, а цяпер —сепаратыстам. Самым вострым момантам сустрэчы сталася дыскусія паміж Лашам Бакрадзэ і Аланам Цхурбаевым, якія прадставілі два супрацьлеглыя погляды на трагічную гісторыю свайго рэгіёна цягам апошніх 25 гадоў. Андрэй Хадановіч расказаў пра раскол у сучасным беларускім грамадстве ў сувязі са спрэчкамі вакол вайны ва Украіне і расійскай агрэсіяй, згадаўшы пра ахвяраў пуцінскай прапаганды і пра маладую актыўную частку грамадства, якая падтрымлівае Украіну.
“Сёння Расія нагадвае псіхіятрычную бальніцу, з якой эмігравалі дактары, і пацыенты выбралі сабе новых дактароў, прычым сярод самых буйных сваіх прадстаўнікоў”, — адзначыў Андрэй Куркоў.
На фота (злева направа): Андрэй Куркоў, Лаша Бакрадзэ, Аляксей Сіманаў, Андрэй Хадановіч.