1 верасня ў 20:00 па беларускім часе (19:00 — па нямецкім) у Берліне пачнецца прэзентацыя новай версіі сайта www.lyrikline.org. За прэзентацыяй можна сачыць онлайн: на сайце ў гэты час будуць дэманстравацца прывітальныя відэаролікі ад партнёраў і паэтаў з усяго свету, а чытачы змогуць паўдзельнічаць у мерапрыемстве, адсылаючы на сайт свае тэкставыя паведамленні, і пазнаёміцца з новай структурай рэсурсу. Сярод паэтаў, што падрыхтавалі свае віншаванні, — Элс Морс (Бельгія), Стэфан Поп (Германія), Пэдра Сэна-Ліну (Партугалія), Хэлена Сінэрва (Фінляндыя), Ян Вагнер (Германія).
Рэструктураваны і абноўлены сайт дае чытачам шмат новых магчымасцяў для знаёмства з сучаснай паэзіяй і палягчае пошук твораў па аўтарах, мовах, перакладах, тэмах, жанрах і г.д. Зарэгістраваны карыстальнік можа выдзяляць вершы, якія яму спадабаліся, і ствараць уласныя спісы ўлюбёных твораў.
Сёння на сайце www.lyrikline.org можна знайсці творы 850 паэтаў на 58 мовах. Гэта адзін з першых праектаў такога плану, ён існуе з 1999 года і мае партнёраў у больш як 40 краінах свету.