Я звычайна не пішу планы таго, што павінна паспець зрабіць у новым горадзе ці ў час адпачынку.
Таму вось мой план на бліжэйшыя 8 дзён (калі пакінуць сабе два выходныя). Гэты план стане першым тэкстам, які я напішу ў Рэзідэнцыі маладога літаратара і, спадзяюся, не апошнім. Але калі што, дык хоць што-небудзь будзе напісана.
1. У Рэзідэнцыі маладога літаратара паспрабаваць пажыць як літаратар. Гэта значыць, пісаць з відна да цямна, і каб пісьменніцтва было галоўнай справай. Раней атрымоўвалася пісаць толькі на выходных ці вечарамі будніх дзён, а тут ― усе дні мае. (UPD. Я прачыналася а 6-й гадзіны, клалася ― а 9-й вечара, то бок, прытрымлівалася звычайнага рэжыму дня. Пісала з ранку да 12-й, ішла на шпацыр да 3-й, вярталася і зноў пісала. Гэта выявілася і лягчэй, чым я думала, і складаней. Пасля шасці дзён спатрэбілася пярэрва ― мо, я ўсё ж звыкла да нейкага працоўнага рытму, якога трэба прытрымлівацца нават у творчасці.
А яшчэ, пакуль я пісала, мяне вельмі цягнула гуляць, бо вунь жа ― стольці цікавага побач, а калі гуляла, то цягнула пісаць, бо карцела паспець як мага больш.)
2. Напісаць/упарадкаваць не менш за 8 адзінак тэксту, якія зараз існуюць толькі як словы-загалоўкі на шматочках паперы ці як няскончаныя сказы ў зацемках у айфоне. Карацей, не існуюць. Яны розныя па памеры, таму табе будзе лёгка зрабіць 8, Зараслава. (UPD. Ператварыла загалоўкі ў тэксты. Напэўна, я так доўга насіла іх з сабою, што пісалася не тое каб хутка, але спраўна. Але і здаецца, што тое “нявыпісанае” замінала думаць аб новым.)
3. Накідаць новыя зацемкі, каб было што пісаць, як вярнуся. (UPD. Прывезла з Вільні і няскончанае ― будзе лягчэй зноў пачынаць працу так, чым з чыстага аркуша. )
4. Адкрыць, нарэшце, гайд па Вільні 34mag, бо ніякімі іншымі парадамі, што рабіць у горадзе, я не разжылася, а ў Вільні я ўпершыню. Гуляць не менш за 2 гадзіны ў дзень. (UPD. Больш карыснай сталася мапа, якую ў сваёй справаздачы параіў Чіхан Чарнякевіч, за што вялікі дзякуй. Гуляла па 2-3-4 гадзіны, пакуль было светла, бо цямнела рана, а 16-й. Гуляла і каляднымі вечарамі, з’езділа ў Трокі/Тракай, які знаходзіцца ў паўгадзіне язды ад горада.
А яшчэ я чытала, упершыню, “Казкі старой Вільні” Макса Фрая, і гэта мне шмат патлумачыла пра тое, што са мной адбывалася.)
5. Есці шмат літоўскага чорнага хлеба. Люблю. І смажанага таксама. (UPD. Ела нават зашмат.)
6. Паспрабаваць напісаць што-небудзь у кавярні, бо ўсе ж так робяць. І “малескін” у мяне ёсць. (UPD. Адкладала гэты пункт да апошняга, калі дакладна, дык да перадапошняга дня. Зайшла па дарозе ў музей у першую трапіўшуюся кавярню, сеткавую, бо не верыла, што нешта атрымаецца, таму навошта вышукваць атмасфернае месца. Замовіла, як звычайна, латэ. Разгарнула нататнік. Замалявала кубачак у нататнік, вельмі крыва. Пасядзела хвілін пяць. І штосьці сталася ― я змагла накідаць тое, што ніяк не “ішло” у Рэзідэнцыі. І яшчэ зрабіць два новыя накіды. І яшчэ зрабіць выснову, што “ступар” сапраўды можна пераадолець пераменаю месцаў. Ці ўсё ж тая кавярня асаблівая ― калі захаціце праверыць, захадзіце на праспект Гедыміна, 1.)
7. Знайсці нейкае сваё месца, каб раіць яго іншым. Накшалт: “Не, ну ты абавязкова пакаштуй піва там” ці “Лепшая кава там, але кібіны ― не там”. (UPD. Зайдзіце ў бар на Didžioji gatvė, 19, каб патрапіць у тыя сцены, куды пяць стагоддзяў таму перавёз з Прагі друкарню Францыск Скарына і дзе выдаў “Малую падарожную кніжку”. Не дзеля піва, але каб падняць келіх за таго, з каго пачалося нашае кнігадрукаванне. І каб перадаць прывітанне з Полацка.)
8. Знайсці “ўчорашнія цэпіліны”. Не можа быць, што іх гатуюць толькі ў Паланзе, але пакуль што нідзе больш іх не сустракала. (UPD. Высветліла, што тут яны называюцца “абсмажаныя”, не так паэтычна. І так і не пакаштавала ― нават калі і былі ў меню, дык не былі ў наяўнасці. Тады наступным разам.)
9. Не набыць што-небудзь з бурштыну. (UPD. Не змагла.)
10. Набыць святочныя падарункі. (UPD. Набыла.)
Жыццё ў Рэзідэнцыі павінна стаць апошняй справай у 2017-м годзе, добрым, насычаным, неверагодным, годным. Я адкладала паездку, адкладала, і вось трапіла ў Вільню ў фінальныя тыдні перад дэдлайнам, нават не творчым, а агульнагадавым, каб яшчэ паспець што-небудзь зрабіць. (UPD. Для мяне Рэзідэнцыя стала сапраўдным цудам і падарункам ― я паспела напісаць тое, што абяцала сабе цягам усяго года, а мо і не аднаго, калі верыць нататкам. І за магчымасць пісаць, вандраваць, жыць у месцы, якое знаходзіцца недалёка ад дамоў Міцкевіча, Багушэвіча, выдавецтва Багдановіча, “Нашай Нівы” Коласа і Купалы, я вельмі ўдзячна “Саюзу беларускіх пісьменнікаў”.)
І толькі тут зразумела, што я ж заўжды марыла аб тым, каб пажыць крыху ў еўрапейскай сталіцы падчас Каляд, і яшчэ зразумела, што буду дапісваць апавяданні для таго, што павінна быць аб’яднана назваю “Калядны стол. Некулінарная кніга”. То пачнем. (UPD. То працягнем.)
UPD. Снег
Прачынаешся цёмным ранкам і бачыш за вакном ззянне, якога не было восенню. Значыць, ноччу выпаў снег. Бязгучна лёг паўсюль, не прамінуў ніводзін шлях, ніводзін дах, нібыта пыл.
І горад цяпер ― як пакой, куды даўно не заходзілі. Падзьмеш ― уздымеш пыл. Правядзеш пальцам ― пакінеш след. Чый гэта пакой? Не памятаем. Навошта ён? Пачакайце, развіднее, і мы ўспомнім, абавязкова ўспомнім. А пакуль так добра глядзець на нічыйны пакой, куды даўно не заходзілі, і таму забыліся, які ён прыгожы. Казачны.
Снег ― як спакой, якога шукалі ўвесь год, і не маглі знайсці, а зараз глядзіце ― вось жа ён, ляжыць навідавоку.