Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Пінску. З 2003 года вучыўся на беларускага філолага і журналіста ў БДПУ, там жа скончыў магістратуру і аспірантуру. Крытык, гісторык літаратуры. У 2008-2011 працаваў у “ЛіМе”, з 2011 г. загадвае аддзелам крытыкі ў часопісе “Маладосць”. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.
Я прыехаў у Вільню ўпершыню: неяк за сямейнымі мітрэнгамі і крытычным пайком зусім не да падарожжаў апошнім часам. Таму перш за ўсё хацеў пабачыць самую Вільню, пахадзіць ейнымі вулкамі, чымся пісаць нешта канкрэтна-пачуццёвае. Але высветлілася напрыканцы, што напісаў я ненатуральна шмат, і, акрамя пісання, шмат чаго паспеў.
Дзень мой пачынаўся ўранку, гадзіне а восьмай, з думак пра хлеб надзённы. Рэзідэнцыя мае кухню, але не мае пліты, таму нешта варыць-смажыць-гатаваць гарачае там немагчыма. Добра, што разведаў я папярэдне, дзе якія знаходзяцца аналагі нашых гастраномаў (“RIMI”, “IKI”, “MAXIMA”), і закупляўся там увечары рознымі паўфабрыкатамі, каб было чым падсілкавацца на сняданак. Зазвычай гэта было нешта трэшовае: ралтон ці хімічнае пюрэ. Я не пераходзіў на еўрапейскі рэжым ашчаднага для арганізму харчавання таму, што збіраўся цэлы дзень альбо бадзяцца па горадзе, альбо працаваць у віленскіх архіўных сховішчах і бібліятэках, а характар падобнай працы вымушае цябе доўга сядзець за сталом і разбіраць чужыя пісьмёны (зразумела, без булачкі ў руцэ). Неяк затравіўшы чарвяка, ішоў у горад.
Рэзідэнцыя размешчана проста выдатна, у старым цэнтры горада, за крок ад вуліцы Пілес, амаль усе архітэктурныя помнікі і знакавыя месцы побач. Па беларускай Вільні ёсць нядрэнная мапа, якою я і кіраваўся:
Файна пабачыць тыя мясціны, пра якія пісаў свае гарадскія вершы Багдановіч, глянуць на будынкі рэдакцый “Нашай Нівы”, дамы, дзе жылі Тарашкевіч, Шырма, дзе выкладалі і вучыліся Гарэцкі, Луцкевіч, Арсеннева.
Можна было б і паехаць у якія Трокі, але я хацеў як найбольш убачыць у самой Вільні. З музеяў адзначу нацыянальную мастацкую галерэю (гэта за ракой, непадалёк ад японскага сакуравага саду), дзе шмат залаў
аддадзена на мастацтва першай паловы ХХ стагоддзя, вельмі цікавае. У музей вялікіх князёў літоўскіх на Катэдральным пляцы хадзіць не раіў бы: усё што там добрага ёсць — копіі. Арыгіналы спадчыны ВКЛ раскіданы
па ўсім свеце, у Вільні мала што засталося, акрамя самога будынку палацу ды падмуркаў старога замку. Нашмат цікавейшы Нацыянальны музей за катэдральным саборам, улева. Там нямала экспанатаў са збораў
Тышкевіча, датычных Беларусі. Ёсць некалькі старагрэцкіх распісных вазаў, егіпецкі саркафаг, вялікая рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы. І ўваход вельмі танны.
Шпацыры я межаваў з сядзячай працай. Я намерваўся напісаць ці, дакладней, распачаць вялікі артыкул пра “Вянок” Багдановіча. З гэтаю мэтай узяў з сабой творы і чатыры манаграфіі пра Максіма. Па тэме я шмат нарабіў чарнавых запісак у свой нататнік, але яны збольшага выклікаліся не надта дасканалымі высновамі вучоных-багдановічазнаўцаў.
За Максіма стала крыўдна: дагэтуль ён як след не прачытаны, і перашкаджае бадай толькі лянота даследчыкаў і шоры, насунутыя папярэднікамі. Атрымаўся ў мяне такі завочны дыялог з багдановічазнаўцамі. Але гэта ўвечары і ноччу. А днём я ішоў у архівы, большую частку часу праседзеў у рукапісным аддзеле бібліятэкі імя
Урублеўскіх Літоўскай Акадэміі навук, куды патрапіў Беларускі музей імя Луцкевіча. Шмат што там ужо перадрукавана гуманітарыямі нашымі, але мяне больш цікавілі малавядомыя асобы і эпісталярная спадчына
“нашаніўцаў”, якая цэніцца чамусьці не так высока, як творы. Так вось я прыходзіў, замаўляў справы, праз хвілін 15 літаральна іх прыносілі, і я сядаў расчытваць мудрагелістыя почыркі нашаніўцаў. Пад канец працы ў мяне было каля 100 тыс. знакаў тэксту. Гэтага мне хопіць надоўга, прынамсі на 5-6 артыкулаў, а то і больш.
Але значна цікавейшыя знаходкі чакалі мяне на вуліцы Оскара Мілаша, дзе знаходзіцца Літоўскі цэнтральны дзяржаўны архіў. Там нядаўна адкрылі для вывучэння 7 ці 8 беларускіх фондаў, і я ведаў, што знайсці
там можна шмат нечаканага. Так і атрымалася: тры невядомыя паштоўкі Янкі Купалы, дзве — Максіма Гарэцкага, Гарун, Гартны, Іваноўскі, Грыневіч, Палуян — столькі ўсяго звалілася на адну бедную галаву за два дні да ад’езду. Аж не хацелася з’язджаць, бачачы такое багацце і спадзеючыся на новыя знаходкі. Але што ж зробіш.
Агулам праца прароблена велізарная. І яна, бадай, мяне толькі і ратавала ад суму. Бо пагаварыць нават у самой рэзідэнцыі няма з кім, а на вуліцы — пагатоў. Хіба мо’ большыя за мяне інтраверты ёсць, але і тыя без працы ўзвылі б. Гаварыў больш з фэйсбукам ды скайпам, ці з якімі бармэнамі. Увогуле, рускамоўныя ў Вільні амаль усе, хоць я часта і англійскай карыстаўся — проста таму, што стаўленне да англійскай лепшае. Нядрэнна валодаць хоць невялікім запасам літоўскіх слоў і каранёў, каб хаця разумець шыльды на крамах. Ну, і лічэбнікі з асноўнымі ветлымі зваротамі таксама.
Не ведаю, якія можна даць парады. Хіба пасылаць літаратараў на рэзідэнцыю па два-тры, каб не было так сумна. Дом для жытла вялікі, цёмны, пусты, і якім эмацыйным таварышам там ад самоты можа стаць не вельмі камфортна. Паесці (вячэраць-абедаць) ў якім Forto Dvaras на Пілес, 16 можна за 20-30 літаў, але крыху далей ад цэнтру, на якім Антокалі, можна знайсці і таннейшыя ядальні. У тралейбусах можна за 3,5 літаў купіць квіток, і праязны можна не браць (я так і не зразумеў хітрую сістэму папаўнення грошай на праязным). Агулам — шчыра ўдзячны ПЭНу за паездку і пастараюся пры кожным зручным выпадку і пры кожнай публікацыі архіўных матэрыялаў згадваць добрым словам праграму “Рэзідэнцыя маладога літаратара”.