Перакладчыца, літаратурны крытык. Нарадзілася ў 1984 годзе ў Гародні, скончыла філалагічны факультэт БДУ. Лаўрэатка прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча (2013). Пераклала на беларускую мову “Калядны харал” Чарлза Дыкенса, “Замак Отранта” Хораса Ўолпала, шэраг твораў Эдгара По, Артура Конана Дойла, Чэслава Мілаша, Баляслава Лесьмяна і інш. Рэдактар і ўкладальнік шэрагу кніг Бібліятэкі часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”.
На Рэзідэнцыі я мусіла перакладаць раман Джэйн Остэн “Пыха і перадузятасць”. Гэты пераклад я пачала яшчэ ў 2010 годзе і скончу яго няхутка: аб’ём твора складае прыкладна 700 тысяч знакаў. Калі я ехала ў Вільню, у мяне была гатовая прыкладна траціна твора (першы з трох раздзелаў), і я спадзявалася зрабіць яшчэ траціну. Гэты план выявіўся невыканальным: я пераклала палову другога раздзела, то бок каля 90 тысяч знакаў — удвая менш, чым збіралася, і гэта сведчыць выключна пра маю любоў да невыканальных планаў. Дарэчы, толькі гэтай любоўю я магу растлумачыць і тое, што ўвогуле ўзялася перакладаць такі вялізны твор.
Улічваючы тое, што два тыдні я займалася амаль адным перакладам, я цяпер ведаю, колькі часу мне б спатрэбілася на пераклад рамана Остэн, калі б я сядзела над ім full-time — тры месяцы.
У вольны ад перакладу час я гуляла па горадзе. Раней я бывала ў Вільні мала і нядоўга, а таму ведала літаральна некалькі цэнтральных вуліц. Да таго ж Вільня была адным з тых рэдкіх гарадоў, у якім я магла заблукаць: звычайна, калі ў мяне ёсць карта, я пачынаю арыентавацца ў новым месцы амаль адразу. Цяпер я ўжо някепска ведаю гэты горад, хоць усё адно не заўсёды ўпэўненая, куды выведзе тая ці іншая вуліца. Наведала я і тры музеі, у якіх даўно хацела пабываць: Нацыянальная галерэя (тая, што за ракой), Музей ахвяр генацыду (які месціцца ў былым будынку КДБ) і экспазіцыя, прысвечаная Халакосту. Настойліва рэкамендую будучым удзельнікам праграмы ўсе тры.
Асвоіцца ў Вільні мне дапамог калега па Рэзідэнцыі Ціхан Чарнякевіч, які параіў некалькі кавярняў і месцаў must see, а таксама даўні гарадзенскі знаёмец па ШДК, а цяпер выкладчык ЕГУ Сцяпан Стурэйка. Вялікі дзякуй ім за парады, а апошняму яшчэ і за некалькі цудоўных экскурсій па Вільні.
Аказаўшыся ў 4 гадзінах дарогі ад мора, я не магла прапусціць такі шанец і не зганяць на паўтара дні ў Палангу. Мора мне спадабалася, а вось Паланга — не вельмі. Наступным разам абяру Ніду.
Падчас Рэзідэнцыі я ўрэшце змагла прачытаць усяго мэлвілаўскага “Мобі Дзіка” — ад пачатку і да канца. На жаль, прагартаць хаця б некалькі старонак рамана ў кавярні Starbucks не атрымалася, бо кавярні пад рукой не знайшлося. Пашкадавала, што перакладу “Мобі Дзіка” на беларускую няма і зразумела, што я таксама яго не перакладу.
З пэўных прычынаў мне давялося з’ехаць з Вільні на тры дні раней за прызначаны тэрмін. Цягам гэтых трох дзён у Мінску я перакладала Остэн гэтак жа інтэнсіўна, як рабіла б гэта на Рэзідэнцыі.
Гатовая пракансультаваць будучых удзельнікаў праграмы наконт смачных месцаў, прыгожых краявідаў і цікавых музеяў Вільні, а таксама наконт зручнай начоўкі ў Паланзе.
А вось і апошняя з перакладзеных на сёння частак рамана, узятая з другога раздзела, паводле аднаго варыянту разбіўкі тэксту на часткі (калі іх тры), альбо апошняя ў першым раздзеле — паводле іншага (калі іх дзве). Гэта пакуль не зусім чыставы варыянт, бо кніга будзе яшчэ прыводзіцца ў парадак, правіцца і рэдагавацца. Аднак нават у такім выглядзе гэтая частка мусіць не пакінуць абыякавымі беларускіх аматараў творчасці Джэйн Остэн.
Джэйн Остэн
Пыха і перадузятасць
Частка XXXIV
Калі ўсе сышлі, Элізабет, нібыта хочучы раззлавацца на містэра Дарсі яшчэ мацней, вырашыла забавіць сябе пераглядам усіх лістоў Джэйн, атрыманых падчас гасцявання ў Кенце. Адкрытых жальбаў у іх не было, не было і згадак пра мінулыя падзеі і аповеду пра цяперашнія пакуты. Аднак ва ўсіх лістах, у кожным іх радку не хапала той жыццёвай радасці, якая звычайна вызначала стыль сястры і крыніцай якой быў спакойны розум, што жыў у міры з сабой, і добрае стаўленне да іншых — азмрочыць іх было вельмі нялёгка. З увагай, якая амаль немагчымая пры першым прачытанні, Элізабет адзначала кожны трывожны сказ. Ганебная пахвальба містэра Дарсі, які змог зрабіць Джэйн такой няшчаснай, яшчэ мацней прымушала Элізабет адчуць пакуты сястры. Яе суцяшала толькі тое, што гасцяванне Дарсі ў Розінгсе паслязаўтра скончыцца, а яшчэ больш тое, што менш чым праз два тыдні яна зноў убачыць Джэйн і з усёй пяшчотай зможа дапамагчы ёй ачуняць.
Думаючы пра ад’езд Дарсі з Кента, яна не забывала, што разам з ім мусіць з’ехаць і яго кузен, аднак палкоўнік Фіцуільям выразна даў ёй зразумець, што ніякіх намераў у яго няма, і таму якім бы прыемным ён ні быў, яна зусім не збіралася праз яго расстройвацца.
Калі Элізабет разбіралася з гэтымі думкамі, яе патрывожыў нечаканы званок у дзверы, і яна крыху захвалявалася, вырашыўшы, што гэта палкоўнік Фіцуільям: аднойчы ён ужо зазіраў да іх у такую познюю гадзіну, і мог цяпер зноў зайсці, каб спытаць пра яе здароўе. Хутка, аднак, гэтая здагадка рассеялася, а настрой змяніўся на адваротны, бо на сваё вялікае здзіўленне яна ўбачыла, што ў пакой увайшоў містэр Дарсі. Ён адразу ж паспешліва запытаў, як яна пачуваецца, прыпісаўшы візіт жаданню ўпэўніцца, што ёй ужо лепш. Элізабет дала яму халодны ветлівы адказ. Некалькі хвілін пасядзеўшы, містэр Дарсі ўстаў і пачаў хадзіць туды-сюды. Здзіўленая Элізабет нічога не казала. Памаўчаўшы некалькі хвілін, ён з хваляваннем падышоў да яе і пачаў:
— Я марна змагаўся. Але ў мяне не атрымалася. Я не здольны справіцца з пачуццямі. Дазвольце ж горача прызнацца, як я вамі захапляюся і як вас кахаю.
Немагчыма перадаць, як гэтыя словы агаломшылі Элізабет. Яна глядзела на яго, пачырванелая, у сумненнях і маўчанні. Дастаткова гэтым абнадзеены, ён тут жа прызнаўся ёй ва ўсім, што адчувае і даўно адчуваў да яе. Ён гаварыў шмат, аднак выказваў не толькі пачуцці, якія ідуць ад сэрца: яго красамоўства служыла выяўленню не так пяшчоты, як пыхі. Ён спыняўся на яе ніжэйшым становішчы, на ўласным падзенні, на цяжкасцях, звязаных з сям’ёй, якая будзе супраць яго выбару, з такім запалам, які адпавядаў прычыне абразлівых прызнанняў, аднак наўрад ці выстаўляў прапанову рукі і сэрца ў добрым святле.
Нягледзячы на глыбока ўкаранёную непрыязь да яго, Элізабет не магла не разумець, як шмат значыць прыхільнасць такога чалавека, і хаця з выбарам адказу яна ні імгнення не вагалася, спачатку ёй было шкада зрабіць яму балюча, пакуль яго наступныя выказванні не абудзілі ў ёй абурэнне, а спачуванне не патанула ў гневе. Аднак яна вырашыла супакоіцца і цярпліва адказаць яму, калі ён скончыць. Ён завяршыў сваю прамову, прызнаўшы сілу той прывязанасці, якую, нягледзячы на свае высілкі, не змог перамагчы, і паспадзяваўшыся, што згода Элізабет зробіцца яго ўзнагародай. На гэтых словах Элізабет зразумела, што ў яе станоўчым адказе ён не сумняваецца. Гаворачы пра свае страхі і трывогі, ён насамрэч выглядаў упэўненым і спакойным. Усё гэта яшчэ больш яе раззлавала, і калі ён замаўчаў, яна, пачырванелая ад гневу, сказала:
— У такіх выпадках, як гэты, лічыцца патрэбным падзякаваць за прызнанне ў пачуццях незалежна ад таго, узаемныя яны ці не. Удзячнасць у такіх выпадках натуральная, і калі б я магла яе адчуць, я б вам цяпер падзякавала. Але я не магу: я ніколі не шукала вашай прыхільнасці, і вы выдзелілі мяне насуперак сваёй волі. Мне шкада, калі хтосьці праз мяне пакутуе. Я несвядома зрабіла вам балюча, і спадзяюся, гэты боль хутка пройдзе. Як вынікае з вашага сённяшняга тлумачэння, вы без асаблівых цяжкасцяў пераадолееце тыя пачуцці, у якіх, паводле вашых словаў, вы доўга не маглі сабе прызнацца.
Здавалася, містэра Дарсі, які абапёрся на камінную паліцу і не зводзіў вачэй з яе твару, гэтыя словы абурылі не менш, чым здзівілі. Ён збялеў ад гневу, кожная рыса яго твару выдавала моцнае замяшанне. Ён стараўся узяць сябе ў рукі і нічога не казаў, пакуль не пераканаўся, што ў яго гэта атрымалася. Павіслая паўза падалася Элізабет жахлівай. Урэшце вымучана спакойным голасам ён сказаў:
— І гэта ўвесь адказ, які я мушу з гонарам прыняць? Я, мабыць, мог бы і дазнацца, чаму вы адмаўляеце мне, не асабліва клапоцячыся пра ветлівасць. Але гэта не мае значэння.
— Я магла б гэтак жа запытаць, — адказала яна, — чаму вы з такім відавочным намерам прынізіць мяне і абразіць гаворыце, што кахаеце мяне насуперак сваёй волі, насуперак свайму розуму і нават насуперак сваёй натуры. Калі я была няветлівая — хіба вы самі не папрактыкаваліся ў няветлівасці? Аднак у мяне ёсць і іншыя прычыны. Вы іх ведаеце. Калі б супраць вас не паўставалі мае ўласныя пачуцці, калі б я ставілася да вас абыякава і нават з нейкай прыхільнасцю, як вы думаеце, ці змусілі б мяне хоць нейкія меркаванні прыняць прапанову чалавека, які, магчыма, назаўсёды зруйнаваў шчасце маёй любімай сястры?
Калі яна гэта сказала, Дарсі змяніўся ў твары, аднак успышка была кароткай, і ён, не спрабуючы яе перарваць, слухаў далей. Элізабет працягвала:
— У мяне ёсць усе магчымыя прычыны думаць пра вас кепска. Не існуе матываў, якія маглі б апраўдаць адыграную вамі ў гэтай справе несправядлівую і нізкую ролю. Вы не можаце, вы не асмеліцеся адмаўляць, што вы асноўная, калі не адзіная прычына іх расстання і таго, што ў вачах свету адзін з іх выставіўся легкадумным і нясталым, другая ж заслужыла насмешку з няспраўджаных надзеяў, і абое найжахлівейшым чынам зрабіліся няшчаснымі.
Яна спынілася і з немалым абурэннем заўважыла, што ён слухае яе з такім выглядам, які сведчыць, што ніякае раскаянне яго спакою не кранула. Ён пазіраў на яе з усмешкай, поўнай паказнога недаверу.
— Ці вы адмаўляеце, што гэта вашых рук справа? — паўтарыла яна.
З робленай абыякавасцю ён адказаў:
— Я не буду адмаўляць, што зрабіў усё магчымае, каб разлучыць сябра з вашай сястрой, і што я радуюся свайму поспеху. Пра яго я паклапаціўся лепш, чым пра сябе.
Элізабет палічыла ганебным зважаць на гэтую ветлівую заўвагу, аднак яе сэнс не праслізнуў міма яе вушэй і зусім яе не ўлагодзіў.
— Аднак мая непрыязь, — працягнула яна, — нарадзілася не толькі праз гэты выпадак. Маё меркаванне пра вас склалася нашмат раней. Я зразумела вашу натуру дзякуючы гісторыі, пачутай многа месяцаў таму ад містэра Ўікхема. Што вы можаце сказаць на гэты конт? Якой уяўнай сяброўскай спагадай будзеце апраўдвацца цяпер? Чыім няправільным разуменнем будзеце прыкрывацца?
— Вы так жыва цікавіцеся клопатамі гэтага джэнтльмена, — сказаў Дарсі менш абыякавым тонам і з мацнейшым румянцам.
— А хто, дазнаўшыся пра яго нягоды, не пачне яму спачуваць?
— Яго нягоды! — пагардліва адказаў Дарсі. — Ён сапраўды перажыў столькі нягодаў!
— І вы іх прычына! — запальчыва ўсклікнула Элізабет. — Гэта вы давялі яго да цяперашняга гаротнага, так, даволі гаротнага стану. Вы адмовілі яму ў тых выгодах, якія, як вы мусілі ведаць, яму прызначаліся. Вы адабралі ў яго найлепшыя гады жыцця і тую незалежнасць, якая належала яму па праве і па заслугах. Усё гэта зрабілі вы — і тым не менш ставіцеся да згадак пра яго нягоды з пагардай і насмешкай.
— Дык вось як, — усклікнуў Дарсі, мераючы хуткімі крокамі пакой, — вы пра мяне думаеце! Такое маеце пра мяне меркаванне! Дзякуй, што так падрабязна яго выклалі. Калі верыць гэтым разлікам, мае грахі і праўда цяжкія! Аднак, можа, — дадаў ён, спыняючыся і паварочваючыся да яе, — вы прапусцілі б мае злачынствы міма ўвагі, калі б вашу гордасць не зачапілі мае шчырыя прызнанні ў сумненнях, якія доўга перашкаджалі мне вызначыцца са сваімі намерамі? Гэтых горкіх абвінавачанняў магло б і не быць, калі б я з найвялікшай дальнабачнасцю схаваў ад вас сваю барацьбу і пацешыў вас словамі пра тое, што мной кіравалі безумоўныя і нічым не азмрочаныя пачуцці, розум, разважлівасць — што ўсё было за вас. Але любы падман выклікае ў мяне агіду. Я не саромеюся пачуццяў, пра якія расказаў. Яна шчырыя і натуральныя. Хіба я мушу радавацца нізкаму становішчу вашых блізкіх? Віншаваць сябе з новымі сваякамі, чые ўмовы жыцця так істотна адрозніваюцца ад маіх?
Гнеў Элізабет рос з кожным імгненнем, і ўсё ж яна з усіх сіл спрабавала гаварыць спакойна:
— Вы памыляецеся, містэр Дарсі, калі лічыце, што тон вашага прызнання паўплываў на мой адказ. Ён проста пазбавіў мяне ад спачування, натуральнага пры адмове чалавеку, які трымаецца больш высакародным чынам, чым вы.
Яна заўважыла, як ён сцепануўся, але нічога не сказаў, і яна прадоўжыла:
— Вы не маглі зрабіць прапанову так, каб мне захацелася яе прыняць.
На яго твары зноў з’явілася відавочнае здзіўленне: Дарсі глядзеў на яе з выразам адначасова недаверу і прыкрасці. Яна працягвала:
— З самага пачатку, з першага, можна сказаць, моманту знаёмства вашы манеры прымусілі мяне ўпэўніцца ў вашай фанабэрыі, вашай пыхлівасці і вашай самазакаханай пагардзе да пачуццяў іншых людзей, якія сталіся прычынай маёй непрыязі, якую пазнейшыя падзеі зрабілі такой непераможнай: я не ведала вас яшчэ і месяца, калі зразумела, што вы апошні ў свеце чалавек, за якога мяне можна ўгаварыць выйсці замуж.
— Вы сказалі дастаткова, мадам. Я цалкам зразумеў вашы пачуцці і цяпер магу толькі адчуць сорам за свае. Даруйце, што адабраў у вас столькі часу, і прыміце мае самыя шчырыя пажаданні шчасця і здароўя.
З гэтымі словамі ён паспешліва пакінуў пакой, і ў наступнае імгненне Элізабет пачула, як ён адчыняе дзверы і выходзіць з дома. Яе розум быў пакутліва ўсхваляваны. Яна не ведала, як узяць сябе ў рукі, і, дарэшты аслабелая, паўгадзіны праплакала. Калі яна прыгадвала тое, што адбылося, яе здзіўленне ўсё больш расло. Яна атрымала прапанову ад містэра Дарсі! Ён столькі месяцаў у яе закаханы! Так закаханы, што хоча з ёй ажаніцца, нягледзячы на ўсе пярэчанні, якія прымусілі яго перашкодзіць сябру ажаніцца з яе сястрой і якія ў яго выпадку значылі для яго прынамсі не менш! Гэта неверагодна! Было прыемна несвядома выклікаць такія моцныя пачуцці. Аднак яго пыха, яго гідкая пыха, яго бессаромнае прызнанне ў тым, як ён нашкодзіў Джэйн, яго недаравальная ўпэўненасць у тым, што ён меў рацыю, хоць і не мог гэта даказаць, і яго бяздушныя згадкі пра містэра Ўікхема, жорсткае стаўленне да якога ён і не спрабаваў схаваць, хутка перасілілі спачуванне, якое на імгненне выклікала думка пра яго каханне.
Яна прадоўжыла ўсхвалявана разважаць пра тое, што адбылося, пакуль грукат розінгскага экіпажа не нагадаў ёй, што паказвацца зараз на вочы Шарлоце не варта, і яна паспяшалася ў свой пакой.