Беларускі ПЭН далучаецца да заявы Міжнароднага ПЭНа адносна Уладзіміра Арсеніевіча.
«Жорсткі напад на пісьменніка Уладзіміра Арсеніевіча адбыўся на фоне ўсеахопнага наступу на іншадумства ў Сербіі. Выказваючы поўную салідарнасць з Арсеніевічам, мы зноў заклікаем улады Сербіі пакласці канец заганнаму колу гвалту і беспакаранасці, якое працягвае падсілкоўваць няспынныя напады», — заявіла Ма Тыда, старшыня Камітэта пісьменнікаў у зняволенні PEN International.
14 ліпеня 2026 года — Улады Сербіі павінны неадкладна распачаць усебаковае і бесстаронняе расследаванне фізічнага нападу на пісьменніка Уладзіміра Арсеніевіча і прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасці, заявіў сёння PEN International. Укаранёную беспакаранасць за злачынствы супраць пісьменнікаў і журналістаў у Сербіі неабходна тэрмінова пераадолець.
11 ліпеня 2026 года група з 20–30 маладых людзей здзейсніла слоўны і фізічны напад на Уладзіміра Арсеніевіча пад Бранкавым мостам у Бялградзе, сталіцы Сербіі. Арсеніевіч — лаўрэат літаратурных узнагарод, пісьменнік, перакладчык і выдавец, прэзідэнт і крэатыўны дырэктар KROKODIL — міжнародна прызнанай асацыяцыі, якая займаецца літаратурнымі, культурнымі і грамадска-палітычнымі праектамі. У той дзень KROKODIL планаваў правесці мерапрыемства ў памяць пра генацыд у Срэбраніцы 1995 года ў рамках кааліцыі People Remember People, калі на Арсеніевіча нечакана напалі невядомыя. Яны таксама скралі яго тэлефон і нанеслі на Бранкаў мост графіці, якія праслаўлялі ваенных злачынцаў. Некалькі цэнтраў PEN, у тым ліку PEN Босніі і Герцагавіны, Сербскі ПЭН і PEN Славеніі, выказалі непахісную салідарнасць з Арсеніевічам, які ў выніку нападу атрымаў траўмы твару. На момант падрыхтоўкі гэтай заявы ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці ў сувязі з гэтым нападам.
Арганізацыя KROKODIL ужо працяглы час зазнае сістэматычны і пастаянны ціск з боку як дзяржаўных, так і недзяржаўных суб’ектаў. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну ў лютым 2022 года колькасць пагроз істотна ўзрасла. У прыватнасці, 20 верасня 2024 года група рускамоўных мужчын, апранутых у вопратку з ультраправымі сербскімі сімваламі, уварвалася ў памяшканне KROKODIL, сарвала ўкраінскі сцяг і запалохвала супрацоўнікаў арганізацыі. У наступным месяцы аднаго з актывістаў KROKODIL выклікалі ў Сербскае агенцтва бяспекі і інфармацыі (Serbian Security Information Agency), каб ён даў тлумачэнні адносна гэтага інцыдэнту. Падчас размовы ягоны тэлефон заставаўся без нагляду па-за пакоем для допыту. Наступны крыміналістычны аналіз, праведзены Amnesty International, выявіў доказы таго, што менавіта ў гэты час на тэлефон была ўсталяваная шпіёнская праграма NoviSpy для Android.
Як PEN International неаднаразова дакументаваў, сітуацыя са свабодай выказвання ў Сербіі пагаршаецца трывожнымі тэмпамі. Незалежныя журналісты і дзеячы культуры сутыкаюцца з фізічнымі нападамі, пагрозамі, кампаніямі па дыскрэдытацыі і запалохваннем з боку дзяржаўных службовых асоб, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а таксама асоб, якія дзейнічаюць ва ўмовах поўнай беспакаранасці. Пагрозы забойствам у адрас пісьменніка і ганаровага сябра ПЭНа Марка Відойкавіча працягваюцца, нягледзячы на тое, што ён паведаміў пра іх у Спецыяльную пракуратуру па барацьбе са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій. 20 чэрвеня 2026 года трое людзей у балаклавах пашкодзілі аўтамабіль сына пісьменніка і сябра ПЭНа Дзінка Грухоніча — імаверна, у помсту за дзейнасць яго бацькі і яго крытычную грамадзянскую пазіцыю. Тым часам услаўленне ваенных злачынцаў, распаўсюджванне рэвізіянісцкіх інтэрпрэтацый гісторыі і мовы варожасці, а таксама адмаўленне ваенных злачынстваў і генацыду палітычнымі лідарамі Сербіі і Рэспублікі Сербскай працягваюць пагражаць міру і стабільнасці ў рэгіёне Заходніх Балкан.
PEN International заклікае ўлады Сербіі неадкладна спыніць усе напады на незалежныя медыя, журналістаў, навукоўцаў і іншых дзеячаў культуры, а таксама зноў звяртаецца да міжнароднай супольнасці з заклікам тэрмінова садзейнічаць абароне асноўных правоў чалавека ў Сербіі.
Дадатковая інфармацыя
Больш падрабязна пра сітуацыю са свабодай выказвання ў Сербіі можна даведацца ў спісе кейсаў PEN International «Пісьменнікі пад аблогай: насуперак маўчанню» (Writers under Siege: Defying Silence – PEN International’s Case List 2026), а таксама ў дакладзе PEN «Таксічныя наратывы: падаўленне свабоды выказвання на Заходніх Балканах» (Toxic Narratives: Silencing Expression in the Western Balkans), даступным на албанскай, баснійскай, англійскай, чарнагорскай і сербскай мовах.