Пісьменнікі ў аблозе: кінуць выклік маўчанню – Спіс кейсаў Міжнароднага ПЭНа 2026

Апошняе абнаўленне: 23 красавіка 2026
Пісьменнікі ў аблозе: кінуць выклік маўчанню – Спіс кейсаў Міжнароднага ПЭНа 2026

«Калі літаратурная спадчына і выказванне падвяргаюцца нападам, наша здольнасць развіваць наратывы і ідэі, неабходныя для разумення і вырашэння, здавалася б, невырашальных праблем свету, змяншаецца, і за гэта даводзіцца плаціць усім нам». Ма Тыда, старшыня Камітэта Міжнароднага ПЭНа «Пісьменнікі ў зняволенні».

23 красавіка 2026 года: Сёння, у Сусветны дзень кнігі, Міжнародны ПЭН прадстаўляе «Пісьменнікі ў аблозе: кінуць выклік маўчанню – Спіс кейсаў Міжнароднага ПЭНа 2026», які дакументуе трывожную глабальную тэндэнцыю: прастора для выказвання, культуры і нязгоды звужаецца, паколькі ўрады ўзмацняюць намаганні па заглушэнні крытычнага голасу і пераследуюць пісьменнікаў за іх працу.

У розных рэгіёнах свету пісьменнікі працягваюць сутыкацца з турэмным зняволеннем, пагрозамі, цэнзурай і вымушанай эміграцыяй. У 2025 годзе Міжнародны ПЭН задокументаваў 140 выпадкаў пераследу ва ўсім свеце, у тым ліку 32 зняволеных пісьменнікаў, 26 чалавек, якія падвергліся пераследу і ціску, 23 — судоваму пераследу, і 12 — гвалтоўным знікненням.

Сярод іх: індыйская журналістка і пісьменніца Рана Айюб працягвае атрымліваць пагрозы забойствам і сутыкацца з пераследам за сваю журналісцкую дзейнасць. Беларускі нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі быў вызвалены з турмы, але вымушаны пакінуць краіну. У Сальвадоры журналіст і пісьменнік Оскар Энрыке Марцінес Д’Аубуісан пакінуў краіну пасля пагроз і паведамленняў пра ордар на яго арышт, звязаны з інтэрв’ю, якія выкрывалі меркаваныя сувязі ўрада з бандамі. У Эрытрэі лёс 12 пісьменнікаў і журналістаў, якія знаходзяцца пад вартай амаль 25 гадоў, застаецца невядомым, а алжырскі паэт Махамед Таджадзіт неаднаразова трапляў у турму за свае тэксты і актывізм.

Аслабленне абароны свабоды выказвання

«Пісьменнікі ў аблозе: кінуць выклік маўчанню – Спіс кейсаў Міжнароднага ПЭНа 2026» падкрэслівае разбурэнне міжнародных механізмаў абароны свабоды выказвання. У многіх краінах урады ўжо нават фармальна не дэкларуюць прыхільнасць правам чалавека, а выхад з міжнародных інстытутаў аслабляе глабальны парадак, заснаваны на правілах.

У той жа час скарачэнне міжнароднай дапамогі з боку буйных донараў падрывае гуманітарную падтрымку, адукацыю і культурнае жыццё, прычым жанчыны і дзяўчаты ў Афганістане належаць да тых, хто пацярпеў найбольш. У М’янме скарачэнне фінансавання ўдарыла па медыя ў выгнанні ўздоўж тайска-м’янманскай мяжы, у выніку чаго дзясяткі журналістаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, сутыкнуліся з пагрозай дэпартацыі.

У сёлетнім спісе кейсаў Міжнароднага ПЭНа дзесяць беларускіх Людзей Слова. Частка з іх выйшла на волю, частка – застаецца ў беларускіх турмах.

Чытайце Спіс кейсаў Міжнароднага ПЭНа 2026 цалкам на англійскай па спасылцы.