• Навiны
  • Салідарнасць
  • Італія: Раберта Савіяна апраўдалі па абвінавачанні ў паклёпе на намесніка старшыні Савета міністраў Італіі

Італія: Раберта Савіяна апраўдалі па абвінавачанні ў паклёпе на намесніка старшыні Савета міністраў Італіі

Апошняе абнаўленне: 17 красавіка 2026
Італія: Раберта Савіяна апраўдалі па абвінавачанні ў паклёпе на намесніка старшыні Савета міністраў Італіі

Беларускі ПЭН далучаецца да заявы Міжнароднага ПЭНа адносна Раберта Савіяна.

Міжнародны ПЭН вітае рашэнне суда, паколькі яно пацвярджае жыццёва важную ролю свабоды выказвання. Аднак злоўжывальны пазоў, ініцыяваны намеснікам старшыні Савета міністраў Італіі, паслаў трывожны сігнал пісьменнікам і журналістам па ўсёй краіне: яны таксама могуць стаць наступнымі. Хоць мы і адзначаем добрую навіну, трэба памятаць, што Савіяна гадамі змагаўся з гэтымі абсурднымі абвінавачаннямі. Мы працягваем падтрымліваць Савіяна і паўтараем заклікі да італьянскіх уладаў адмяніць крымінальную адказнасць за паклёп. Ніхто не павінен быць запалоханы і пераследаваны, каб змусіць яго маўчаць толькі за крытычнае выказванне», — заявіў Бурхан Сёнмез, прэзідэнт Міжнароднага ПЭНа.

17 красавіка 2026 г. — Італьянскія ўлады павінны тэрмінова адмяніць усе законы аб крымінальнай адказнасці за паклёп і прыняць заканадаўства, якое абараняе пісьменнікаў, журналістаў і іншых ад стратэгічных пазоваў супраць удзелу грамадскасці (SLAPP), заявіў сёння ПЭН Інтэрнэшнл пасля таго, як пісьменнік, журналіст і лаўрэат узнагарод ПЭН Раберта Савіяна быў апраўданы па абвінавачанні ў паклёпе на намесніка старшыні Савета міністраў Італіі Матэа Сальвіні пасля шматгадовага судовага працэсу.

16 красавіка 2026 года суд у Рыме прызнаў Раберта Савіяна невінаватым у паклёпе на намесніка старшыні Савета міністраў Італіі Матэа Сальвіні — які тады таксама займаў пасаду міністра ўнутраных спраў — у сувязі з прамовай, у якой ён назваў яго «Ministro della Mala Vita» («міністр злачыннага свету») — выраз, запазычаны ў антыфашыста пачатку ХХ стагоддзя Гаэтана Сальвеміні. У сваёй прамове Савіяна абвінаваціў Сальвіні ў тым, што той ігнаруе мафіёзнае задушэнне Італіі, аддаючы перавагу распальванню варожасці да мігрантаў. 20 сакавіка 2019 года Савіяна ўпершыню паведаміў, што яго выклікалі ў суд паводле артыкула 595 Крымінальнага кодэкса Італіі, які прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі. Судовы працэс пачаўся 1 лютага 2023 года. Яшчэ ў 2018 годзе Сальвіні пагражаў пазбавіць Савіяна паліцэйскай аховы, якая была прадастаўлена яму з кастрычніка 2006 года пасля пагроз з боку мафіі ў сувязі з выданнем у сакавіку 2006 года яго бестселера Gomorrah. Міжнародны ПЭН неаднаразова заклікаў італьянскія ўлады зняць усе крымінальныя абвінавачанні ў паклёпе супраць Савіяна ў гэтай справе, якая мела ўсе прыкметы SLAPP-пазову.

Раней, 12 кастрычніка 2023 года, Савіяна быў прызнаны вінаватым і аштрафаваны за паклёп на прэм’ер-міністра Джорджу Мелоні пасля таго, як ён раскрытыкаваў яе прамову 2020 года, у якой яна заявіла, што караблі НДА, якія спрабуюць ратаваць бежанцаў у цэнтральным Міжземнамор’і, павінны быць канфіскаваныя і патопленыя, а мігранты на борце — рэпатрыяваныя. Міжнародны ПЭН асудзіў гэты прысуд як трывожны адкат для свабоды слова. Пазней Савіяна вырашыў не абскарджваць яго.

Міжнародны ПЭН выступае супраць крыміналізацыі паклёпу ва ўсіх выпадках. У прыватнасці, у верасні 2023 года Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНа прыняла рэзалюцыю аб законах аб крымінальным паклёпе і SLAPP-пазовах, якая, у тым ліку, заклікала зняць усе абвінавачанні супраць Савіяна. Міжнародны ПЭН разам з партнёрамі вітае зацвярджэнне закона аб еўрапейскай дэлегацыі, які надае ўраду Італіі мандат на імплементацыю Дырэктывы (ЕС) 2024/1069, больш вядомай як Дырэктыва супраць SLAPP. Канчатковы тэрмін яе ўкаранення — 7 мая 2026 года.

Дадатковая інфармацыя

Раберта Савіяна, які нарадзіўся 22 верасня 1979 года, — аўтар Gomorrah, міжнароднага бестселера, які разышоўся накладам больш за 10 мільёнаў асобнікаў па ўсім свеце. Сярод іншых кніг: La bellezza e l’inferno (Прыгажосць і пекла, 2009); Vieni via con me (Пайшлі са мной, 2011); ZeroZeroZero (2013); La paranza dei bambini (Лодка дзяцей, 2016); In mare non esistono taxi (У моры не існуе таксі, 2019); Gridalo (Крычы гэта, 2020); Solo è il coraggio (Толькі мужнасць, 2022). Ён таксама напісаў некалькі сцэнарыяў для кіно і тэатра і рэгулярна супрацоўнічае з газетамі і часопісамі.

14 ліпеня 2025 года суд у Рыме пацвердзіў прысуды, вынесеныя ў 2021 годзе Франчэска Бідоньеці, былому лідарам неапалітанскай мафіі Камора, і яго былому адвакату Мікеле Сантанастаза. Яны былі асуджаныя адпаведна на 18 і 14 месяцаў пазбаўлення волі за запалохванне Раберта Савіяна. Пагрозы, звязаныя з мафіяй, — агучаныя ў судзе ў сакавіку 2008 года Сантанастаза ад імя Бідоньеці падчас судовага працэсу — прымусілі Савіяна жыць пад кругласутачнай аховай.