• Заявы
  • Сумесная заява да Палаты прадстаўнікоў: скарыстайце амністыю для вызвалення людзей, якія праявілі грамадзянскую нязгоду

Сумесная заява да Палаты прадстаўнікоў: скарыстайце амністыю для вызвалення людзей, якія праявілі грамадзянскую нязгоду

Апошняе абнаўленне: 30 красавіка 2025
Сумесная заява да Палаты прадстаўнікоў: скарыстайце амністыю для вызвалення людзей, якія праявілі грамадзянскую нязгоду

Восем праваабарончых арганізацый звярнуліся да Палаты прадстаўнікоў перад разглядам праекта закона “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Копію звароту накіравалі ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У звароце ўздымаецца пытанне аб тым, каб адмовіцца ад дыскрымінацыйнага падыходу і распаўсюдзіць дзеянне амністыі на ўсіх асоб, асуджаных паводле так званых “злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”. Для гэтага трэба перагледзець адпаведным чынам абзац 11 артыкула 13 законапраекта, выключыўшы абзац 14 гэтага ж артыкула і словы “а таксама злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці” з часткі 3 артыкула 12 законапраекта.

Справа ў тым, што з бягучай фармулёўкай у цяперашняй рэдакцыі праекта закона выключаная магчымасць ужывання амністыі для асуджаных паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, што актыўна ўжываліся ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў і нязгодных з палітыкай, якая праводзіцца дзяржавай. Падобны падыход супярэчыць прынцыпам справядлівасці, гуманізму і павагі правоў чалавека.

Праваабаронцы перакананыя, што падобнае рашэнне стане праявай палітычнай дальнабачнасці, гуманізму і павагі да фундаментальных правоў чалавека, неабходным для пераадолення глыбокага нацыянальнага крызісу і прасоўвання Беларусі ў бок міру, справядлівасці і паступовага аднаўлення прававой дзяржавы.

Публікуем поўны тэкст заявы.

Прапановы па законе аб амністыі

30 красавіка 2025 года

У сувязі з разглядам Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праекта закона “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, спасылаючыся на нашу заяву ад 3 сакавіка 2025 года, хочам звярнуць увагу на наступныя абставіны.

У бягучай рэдакцыі праекта закона выключаная магчымасць ужывання амністыі для асуджаных паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, што актыўна ўжываліся ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў і нязгодных з палітыкай, якая праводзіцца дзяржавай. Мы перакананыя, што падобны падыход супярэчыць прынцыпам справядлівасці, гуманізму і павагі правоў чалавека.

Мы хочам падкрэсліць, што большасць асуджаных, якія не падпадаюць пад дзеянне законапраекта ў рэдакцыі што разглядаецца, былі асуджаныя за рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі правоў (у тым ліку на свабоду выказвання меркавання і мірныя сходы). Гэтыя людзі не звярталіся да гвалтоўных метадаў у працэсе рэалізацыі сваіх правоў. Значная колькасць такіх асуджаных у цяперашні час знаходзіцца ў вельмі ўразлівым стане праз узрост, стан здароўя ды ўмоў утрымання, якія могуць кваліфікавацца як жорсткае і прыніжальнае годнасць пакаранне. Адсутнасць рэальнай медычнай дапамогі, цяжкія ўмовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі прыводзяць да пастаяннай пагрозы жыццю і здароўю людзей.

Вызваленне гэтых людзей, якія не прычынілі шкоду жыццю і здароўю іншых, у межах амністыі стала б не толькі актам справядлівасці, але і важным крокам да пераадолення нацыянальнага крызісу, аднаўлення даверу ў грамадстве, палягчэнні фізічных і маральных пакутаў не толькі асуджаных, але таксама іх блізкіх. Каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця, павага да чалавечай годнасці, правоў і свабод з’яўляюцца фундаментальнымі прынцыпамі міжнароднага права і “мэтай грамадства і дзяржавы”, як паказана ў Канстытуцыі Беларусі.

Мы заклікаем адмовіцца ад дыскрымінацыйнага падыходу і распаўсюдзіць дзеянне амністыі на ўсіх асоб, асуджаных па т.зв. злачынствах “экстрэмісцкай накіраванасці”, перагледзеўшы адпаведным чынам абзац 11 артыкула 13 законапраекта, выключыўшы абзац 14 гэтага ж артыкула і словы “а таксама злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці” з часткі 3 артыкула 12 законапраекта.

Мы перакананыя, што такое рашэнне стане праявай палітычнай дальнабачнасці, гуманізму і павагі да фундаментальных правоў чалавека, неабходных для пераадолення глыбокага нацыянальнага крызісу і прасоўвання Беларусі ў бок міру, справядлівасці і паступовага аднаўлення прававой дзяржавы.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Прававая ініцыятыва;

Respect-Protect-Fulfill;

Беларускі ПЭН;

Lawtrend;

Human Constanta;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.