• Заявы
  • Заява праваабаронцаў аб прызнанні 15 палітычных зняволеных

Заява праваабаронцаў аб прызнанні 15 палітычных зняволеных

Апошняе абнаўленне: 16 лютага 2023
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 15 палітычных зняволеных

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

16 лютага 2023 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.),  адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды меркаванняў:

Анатоль Пугач змешчаны пад варту па артыкуле 366 КК за абразу А.Лукашэнкі;

Дзяніс Хаўханаў асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК да аднаго года і 2 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Анатоль Лявонік асуджаны за паклёп на А.Лукашэнку і абразу А.Лукашэнкі па ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368 КК да двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Павел Свірбутовіч асуджаны за паклёп на А.Лукашэнку і абразу А.Лукашэнкі па ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368 КК да двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Андрэй Мацонка асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК да да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Данііл Заяц асуджаны за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак па ч.1 арт 342 КК, абразу прадстаўніка ўлады па арт. 369 КК і выказванне меркавання адносна ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў па арт. 364 КК у каментарах у сетцы Інтэрнэт да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Мікалай Кароль змешчаны пад варту па артыкулу 366 КК за абразу А.Лукашэнкі;

Сяргей Аўдзееў накіраваны на прымусовае лячэнне ў медычнай установе за абразу А.Лукашэнка паводле вынікаў разгляду крымінальнай справы па арт.368 КК;

Алег Юшкевіч асуджаны за абразу Аляксандра Лукашэнкі па ч.1 арт. 368 КК, суддзі па арт. 391 КК і прадстаўнікоў улады па арт. 369 КК да двух гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 200 базавых велічынь (7,4 тыс. бел.рублёў);

Васіль Троцкі асуджаны за абразу суддзі па арт. 391 КК і прадстаўнікоў улады па арт. 369 КК да аднаго года і 2 месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1110 бел.рублёў);

Анатоль Цепцікаў асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Міхаіл Кухарчук змешчаны пад хатні арышт па арт. 368 КК за каментар пра А.Лукашэнку;

Людміла Коган змешчана пад хатні арышт па арт. 341 КК за псаванне маёмасці надпісамі;

Міхаіл Карпешка асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт. 368 КК да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Максім Зайцаў асуджаны па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі і па арт.369 за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць палітвязняў Анатоля Пугача, Дзяніса Хаўханава, Анатоля Лявоніка, Паўла Свірбутовіча, Андрэя Мацонку, Данііла Зайца, Мікалая Кароля, Сяргея Аўдзеева, Алега Юшкевіча, Васіля Троцкага, Анатоля Цепцікава, Міхаіла Кухарчука, Людмілу Коган, Міхаіла Карпешку, Максіма Зайцава і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.

  1. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі ПЭН;

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.