• Заявы
  • Заява праваабаронцаў аб прызнанні 23 палітычных зняволеных

Заява праваабаронцаў аб прызнанні 23 палітычных зняволеных

Апошняе абнаўленне: 19 лістапада 2022
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 23 палітычных зняволеных
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:

  1. Данііл Раманаў, асуджаны за абразу службовай асобы па арт. 369 КК да аднаго года 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  2. Марына Сочыўка асуджана за абразу службовай асобы па арт. 369 КК да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіравана для адбыцця пакарання;
  3. Артур Сцеп асуджаны за абразу службовай асобы і А. Лукашэнкі па арт. 368 і 369 КК да двух гадоў 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  4. Андрэй Жамейка асуджаны за абразу службовай асобы і А. Лукашэнкі па арт. 368 і 369 КК да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  5. Валерый Адалеўскі, асуджаны за абразу службовай асобы па арт. 369 КК з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  6. Віктар Кулеш, асуджаны за абразу службовай асобы па арт. 369 КК да аднаго года 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  7. Мікалай Ласіцкі, асуджаны за паклёп на службовую асобу па арт. 188 КК да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  8. Максім Пікун, асуджаны за абразу службовай асобы па арт. 369 КК да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  9. Міхаіл Башкатаў, асуджаны за абразу службовай асобы па арт. 369 КК да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  10. Іван Кірык, асуджаны за абразу службовай асобы па арт. 369 КК да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  11. Алег Пасюк, асуджаны за абразу службовай асобы па арт. 369 КК да аднаго года 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  12. Віталь Астрэйка, узяты пад варту за паклёп на А. Лукашэнку і яго абразу па арт. 367, 368 КК;
  13. Кірыл Жалудок, узяты пад варту за абразу А. Лукашэнкі па арт. 368 КК;
  14. Артур Чарняўскі, асуджаны за абразу службовай асобы па арт. 369 КК да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  15. Андрэй Дуброўскі, асуджаны за абразу службовай асобы па арт. 369 КК да аднаго года 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  16. Дзяніс Воўчак, асуджаны за абразу А. Лукашэнкі і перадачу персанальных дадзеных па ч. 1 арт. 368 і ч. 3 арт. 203-1 КК да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  17. Наталля Ляцко, асуджана за паклёп і перадачу персанальных дадзеных па арт. 188 і ч. 3 арт. 203-1 КК да аднаго года пазбаўлення волі ў папараўчай калоніі;
  18. Віталь Уласевіч, асуджаны за пратэсныя надпісы і заклікі да абмежавальных мераў (санкцый) па арт. 341 і ч. 3 арт. 361 да двух гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  19. Андрэй Ханевіч, асуджаны за інтэрв’ю “Белсату” за “дыскрэдытацыю” Рэспублікі Беларусь і  садзейнічанне “экстрэмісцкай дзейнасці” па арт. 369-1 і 361-4 КК да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  20. Вольга Раманцова, узята пад варту за абразу судзі па арт. 391 КК;
  21. Кацярына Хулхачыева, узята пад варту па “справе Зельцара”;
  22. Дзяніс Яроўскі, узяты пад варту па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак);
  23. Міхаіл Нямцоў, асуджаны за каментары ў дачыненні да дзеянняў расійскіх войскаў у Казахстане і абразу Лукашэнкі да трох гадоў калоніі.

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Данііла Раманава, Марыну Сочыўку, Артура Сцепа, Андрэя Жамейку, Валерыя Адалеўскага, Віктара Кулеша, Мікалая Ласіцкага, Максіма Пікуна, Міхаіла Башкатава, Івана Кірыка, Алега Пасюка, Віталя Астрэйку, Кірыла Жалудка, Артура Чарняўскага, Андрэя Дуброўскага, Дзяніса Воўчака, Наталлю Ляцко, Віталя Уласевіча, Андрэя Ханевіча, Вольгу Раманцову, Кацярыну Хулхачыеву, Дзяніса Яроўскага, Міхаіла Нямцова і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі ПЭН.