25 сакавіка 2020 году каля 16.30 быў затрыманы Сяргей Сацук, сябра грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў», журналіст і рэдактар онлайн-выдання «Ежедневник». Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Падставай для затрымання стала нібыта атрыманне Сяргеем Сацуком грашовых сродкаў для ажыццяўлення журналісцкіх расследаванняў онлайн-выданнем «Ежедневник» больш за год таму. Гэтыя грашовыя сродкі яму інкрымінуюцца як «хабар» па ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару, за што прадугледжана пакаранне на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі).
Сяргей Сацук вядомы як журналіст і рэдактар, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. Адным з яго гучных расследаванняў была серыя публікацый у онлайн-выданні «Ежедневник» аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Пазней у дачыненні да шэрагу высокапастаўленых службовых асоб Міністэрства аховы здароўя былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды за карупцыйную дзейнасць.
У жніўні 2019 года Сяргей Сацук у інтэрв’ю БелаПАН заявіў, што атрымліваў пагрозы з-за сваёй журналісцкай дзейнасці. Затрыманне вядомага журналіста і выклікі на допыты супрацоўнікаў «Ежедневника» могуць прывесці да запалохванню журналістаў і развіццю самацэнзуры ў СМІ, якія асвятляюць грамадсказначныя праблемы (у тым ліку карупцыю i распаўсюджванне каронавіруса ў Беларусі).
Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь:
– неадкладна вызваліць Сяргея Сацука і спыніць у дачыненні да яго крымінальны пераслед;
– выконваць гарантыі, прадастаўленыя журналістам беларускім заканадаўствам і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь, спыніць пераслед, запалохванне і іншыя агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да журналістаў за выкананне імі прафесійных абавязкаў.
Прынята на пасяджэнні Праўлення грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
26 сакавіка 2020 г.