Святлана Алексіевіч пракаментавала затрыманні музыкаў у Дзень Волі

Апошняе абнаўленне: 26 сакавіка 2019
Святлана Алексіевіч пракаментавала затрыманні музыкаў у Дзень Волі
25 сакавіка ў Мінску затрымалі вядомых беларускіх музыкаў.

“Паводзіны нашых уладаў незразумелыя. З аднаго боку дзяржава заяўляе, што яна незалежная і беларуская, а з іншага боку арыштоўвае беларусаў за тое, што яны хочуць быць беларусамі і святкуюць сваё нацыянальнае свята”, – зазначыла нобелеўская лаўрэатка.

25 сакавіка ў Мінску затрымалі вядомых беларускіх музыкаў. Выканаўцы анансавалі вулічны канцэрт, але яшчэ перад яго пачаткам на месцы правядзення меркаванай імпрэзы да сябра ПЭН-цэнтра Лявона Вольскага падышлі супрацоўнікі міліцыі і папярэдзілі, што канцэрт будзе лічыцца “несанкцыянаваным мерапрыемствам”. Праз некалькі хвілін адбылося затрыманне (канцэрт яшчэ не быў распачаты). Сярод затрыманых выканаўцаў: Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевiч, Ігар Варашкевiч, Павел Аракелян.

Праз дзве з паловай гадзіны музыкаў вызвалілі, склаўшы пратаколы затрыманя (але не правапарушэння) і правёўшы “прафілактычную гутарку”.

Беларускі ПЭН-цэнтр выcтупіў з заявай супраць затрыманняў музыкаў, літаратараў ды іншых удзельнікаў мірнай акцыі.