Жыронскі маніфест моўных правоў

Міжнародны ПЭН-клуб аб’ядноўвае пісьменнікаў з усяго свету. Жыронскі маніфест моўных правоў, распрацаваны ў Жыроне Камітэтам па перакладчыцкіх і моўных правах у траўні 2011 года і ўхвалены на 77-м Кангрэсе Міжнароднага ПЭН-клуба ў верасні 2011 года, улучае дзесяць найважнейшых прынцыпаў у галіне моўных правоў.

1. Моўная разнастайнасць — гэта сусветная спадчына, якую трэба шанаваць і берагчы.

2. Павага да ўсіх моваў і культураў — гэта аснова для выбудоўвання і падтрымання міжкультурнага дыялогу і міру ў свеце.

3. Усе людзі вучацца гаварыць у той супольнасці, якая дае ім жыццё, мову, культуру і ідэнтычнасць.

4. Розныя мовы і розныя спосабы выказвання — гэта не толькі сродкі сувязі, але і асяроддзе, у якім выхоўваюцца людзі і будуецца культура.

5. Кожная моўная супольнасць мае права выкарыстоўваць на сваёй тэрыторыі сваю мову як афіцыйную.

6. Школьнае навучанне мусіць умацоўваць прэстыж мовы, якой карыстаецца моўная супольнасць на сваёй тэрыторыі.

7. Пажадана, каб грамадзяне мелі ўяўленне пра моўную разнастайнасць, бо гэта садзейнічае ўзаемаразуменню і інтэлектуальнай адкрытасці, а таксама дапамагае лепш зразумець уласную мову.

8. Пераклад тэкстаў, асабліва вялікіх твораў розных культураў, мае надзвычайную важнасць для глыбейшага разумення і ўзаемнай павагі людзей.

9. СМІ адыгрываюць важную ролю ў папулярызацыі моўнай разнастайнасці і ў кампетэнтным і няўхільным павышэнні яе прэстыжу.

10. ААН мусіць прызнаць права выкарыстоўваць і абараняць уласную мову адным з асноўных правоў чалавека.